МІНСК, 10 лют — Sputnik. Мінскі праспект Незалежнасці можа быць унесены ў спіс спадчыны ЮНЕСКА, паведамілі ў пятніцу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
10 лютага ў МЗС прайшло чарговае пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА пад старшынствам міністра Уладзіміра Макея. Камісія прапанавала ўключыць у папярэдні беларускі Спіс сусветнай спадчыны яшчэ адзін аб'ект.
"Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА падтрымала МЗС і ўнесла ў папярэдні беларускі Спіс сусветнай спадчыны ансамбль праспекта Незалежнасці", — распавялі ў МЗС.
Нацыянальная камісія па справах ЮНЕСКА падтрымала МЗС і ўнесла ў папярэдні беларускі Спіс Сусветнай спадчыны ансамбль праспекта Незалежнасці pic.twitter.com/lsXGO5VNO9
— МИД Беларуси (@BelarusMID) 10 февраля 2017 г.
Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што аб'ект будзе ўключаны ў намінацыю "Пасляваенная сацыялістычная архітэктура краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы".
Будзе таксама прадоўжана работа па беларускім намінацыйным дасье "Будслаўскі фэст", "Культура дуды", у больш далёкай перспектыве — "Лясное бортніцтва".
Члены камісіі таксама абмеркавалі абранне Беларусі ў Выканаўчы камітэт ЮНЕСКА на 2018-2021 гады.
Ансамбль праспекта Незалежнасці — помнік сталінскай архітэктуры. На наданні асаблівага значэння гэтаму архітэктурнаму ансамблю настойваў шэраг беларускіх архітэктараў. Галоўнае ў мінскай архітэктуры тое, што праз архітэктуру можна прасачыць, якія падзеі адбываліся ў краіне, як мяняліся ментальныя канструкты людзей, і усё гэта адлюстравалася ў архітэктуры. Кампазіцыйная цэласнасць цэнтра Мінска, якасць і багацце дэкору яго будынкаў робіць з яго сапраўдны помнік горадабудаўніцтва савецкай эпохі.
У цяперашні час у гэты спіс уключаныя чатыры аб'екты — Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Геадэзічная дуга Струвэ. Нематэрыяльная спадчына прадстаўлена пакуль што адным элементам у Спісе спадчыны, якая патрабуе тэрміновай аховы. Гэта абрад "Цары".