Рэстаўратар Вольга Канаплёва далікатна называе паясы, рэстаўрацыяй якіх займалася больш за год, не слуцкімі, а "па тыпу слуцкіх". Так прынята ў музейным асяроддзі. Але сутнасці гэта не мяняе — яе стараннямі адноўленая па-сапраўднаму ўнікальная рэліквія — царкоўнае адзенне каталіцкага святара канца XVIII пачатку XIX стагоддзя. Зрэшты, асноўная яго каштоўнасць не толькі ва ўзросце — арнат увесь, і спераду і ззаду аздоблены фрагментамі некалькіх шаўковых слуцкіх паясоў.
Тыя, хто бачыў першапачатковы стан арната, называюць вынік ювелірнай працы беларускага майстра сапраўдным цудам. Стан артэфакта быў настолькі дрэным, што ставіўся пад сумнеў сам факт магчымай рэстаўрацыі. Карэспандэнт Sputnik Святлана Ліцкевіч пабывала ў рэстаўратарскіх майстэрнях Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і даведалася ў рэстаўратара — "золаташвачкі" Вольгі Канаплёвай, як гэта — скласці гістарычны пазл, у якім павінен супасці кожны шывок.
"Мару, каб хутчэй вярнуўся ў сховішча"
Гэта першая праца беларускіх рэстаўратараў па тканіне такога аб'ёму і такой складанасці. Дастаткова сказаць, што ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея арнат паступіў яшчэ ў 2008 годзе. Але стан яго быў такі, што ўлічваючы гістарычную каштоўнасць і ўнікальнасць, падступіцца да рэстаўрацыі не вырашаліся больш за 5 гадоў. Проста не ведалі, з чаго пачаць.
"Самае каштоўнае, вядома, гэта фрагменты паясоў. Гэта найтонкія шаўковыя ніткі, якім, можа, гадоў трыста… Многія гады арнат захоўвалі няправільна, месцамі ён быў проста спарахнелым. На жаль, тканіны захоўваюцца менш за ўсіх матэрыяльных помнікаў гісторыі. А тут… Ад адной думкі, што яго трэба хаця б памыць, рабілася не па сабе", — прызнаецца рэстаўратар па тканінах Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Вольга Канаплёва.
І, напэўна, напаўспарахнелае залатое адзенне так і чакала б сваёй гадзіны да гэтага часу, калі б не прэзідэнцкі грант, які Нацыянальны гістарычны музей вырашыў выкарыстаць на аднаўленне рэліквіі. Бо арнат каштоўны не столькі як рэлігійны атрыбут, а хутчэй як сінтэз царкоўнага і свецкага — фрагменты золататканага слуцкага пояса, які ў ВКЛ быў прыкметай высакароднага паходжання і заможнасці ўладальніка, статуснай свецкай рэчы, сталі дэталямі рэлігійнага ўбору. Зрэшты, гэта хутчэй тэма для этнаграфічнага даследавання. У рэстаўратараў жа была іншая задача — як сабраць і аднавіць тое, што літаральна рассыпалася ў руках.
"Нашай задачай было аднавіць яго так, каб можна было захоўваць і па магчымасці дэманстраваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе", — распавядае Вольга.
Увесь апошні год Канаплёва працавала і па выходных, і ў буднія дні дапазна заседжвалася. "З такімі старымі тканінамі, а тым больш са слуцкімі паясамі, ў нас няма вопыту работы, даводзілася кожны раз вынаходзіць ровар", — патлумачыла рэстаўратар.
На днях адноўлены беларускім майстрам-рэстаўратарам Вольгай Канаплёвай арнат быў прадстаўлены шырокай грамадскасці. На выставу аднаго экспаната, які вярнулі з небыцця, прыйшло нямала людзей — здымкі, камеры, сафіты. Вольга Канаплёва, якая больш за год у адзіночку працавала над арнатам, прызналася: "Мару толькі пра адно — каб ён хутчэй вярнуўся ў сховішча".
"Пранне стагоддзяў"
Аб ювелірнай рэстаўратарскай працы можна казаць гадзінамі. Але лепш прывяду адзін факт: уся плошча адрэстаўраванага арната прашытая найтонкай газавай ніткай — на кожны міліметр прыходзілася рабіць па некалькі шыўкоў. Нітка, як павуцінка, якую трэба было выцягваць з празрыстай газавай матэрыі.
Гэтая праца была б немагчымая без стажыроўкі ў Літве, якую Канаплёвай фінансаваў прэзідэнцкі фонд па падтрымцы культуры і мастацтва.
"Там цудоўны рэстаўрацыйны цэнтр, вопытныя майстры, вялікія майстэрні. Яны працуюць са старадаўнімі габеленамі, амаль спарахнелымі. Майстры праходзяць стажыроўкі ў лепшых музеях Еўропы. Без іх дапамогі мы б, напэўна, не справіліся — у нас проста не было вопыту рэстаўрацыі такіх тонкіх тканін з такімі стратамі", — патлумачыла Канаплёва.
Літоўскія спецыялісты дапамаглі вызначыцца з методыкай, па якой будзе аднаўляцца залататканы нарад і… вымыць яго. Бо колькі бруду за амаль тры стагоддзі нарасло.
Але рэч такога ўзросту проста так прачцы не аддасі. Арнат вымылі… ні разу да яго не дакранаўшыся. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, калі пачуў расказ пра тое, як яго мылі, нават пажартаваў, што гістарычны музей цяпер можа пральню экспертнага ўзроўню адкрываць.
"Цэлая лабараторыя хімікаў прымала ўдзел у гэтым пранні. Спачатку арнат паклалі ў безкіслотную агратканіну, прышылі да гэтай тканіны, пасля чаго змясцілі ў велізарную ванну — старыя тканіны сціраюцца і сушацца толькі ў гарызантальным становішчы, каб не было дэфармацыі. У ваду дадалі мінімум нейтральнага мыйнага сродку. Мы проста рухалі рукамі ваду над арнатам. А там, дзе плямы былі ўкараніўшыеся, прамаківалі натуральнай марской губкай", — патлумачыла тонкасці "прання стагоддзяў" Вольга.
Працяг гісторыі аднаўлення сапраўднага артэфакта чытайце на рускай версіі Sputnik>>