МІНСК, 12 лют — Sputnik. Указ прэзідэнта №8 "Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян" уступае ў сілу ў нядзелю, паведамляе Sputnik.
Замежнікі з 80 краін свету, у тым ліку з 39 дзяржаў — членаў Еўрасаюза, змогуць на працягу пяці дзён падарожнічаць па Беларусі ў бязвізавым рэжыме пры ўмове, што прыбудуць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт. Эксперты ўпэўнены, што ўказ, падпісаны прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам у студзені мінулага года, пасадзейнічае прытоку ў краіну турыстаў.
Што мець пры сабе
Для ўезду ў Беларусь у бязвізавым рэжыме замежніку неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент, якi яго замяняе для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым дзвюм базавым велічыням), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўра, які дзейнічае ў Беларусі.
Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самоа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕС або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю. Акрамя таго, трэба мець авіябілеты з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта Мінск на працягу пяці дзён з даты ўезду.
Хто незадаволены
У Маскве заяўляюць, што рашэнне беларускіх уладаў закранае інтарэсы Расіі, паколькі ў рамках Саюзнай дзяржавы існуе рэжым свабоднага перамяшчэння, і замежнікі, якія прыбылі без віз у Беларусь, могуць нелегальна пранікнуць на тэрыторыю РФ.
Раней беларускі МЗС заявіў, што расийскі бок не накіроўваў у Мінск нейкіх спісаў прэтэнзій у сувязі з увядзеннем пяцідзённага бязвізавага рэжыму ўезду.
Раней прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рызык для Беларусі, а таксама яе саюзнікаў і суседзяў у сувязі з увядзеннем бязвізавага ўезду ў рэспубліку няма. Па словах кіраўніка дзяржавы, над дакументам працавалі паўтара года, і заклапочанасць, якую выказваюць у прэсе ў суседніх краінах, не мае пад сабой падстаў.
Разам з тым у Расіі заяўляюць, што прыняты ўладамі суседняй краіны парадак уезду стварае эпідэміялагічныя рызыкі для РФ.
У пачатку лютага ФСБ РФ прыняла рашэнне ўвесці памежную зону на мяжы з Беларуссю ў мэтах выяўлення і спынення незаконнай міграцыі і перамяшчэння таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Пагранзона працуе з 7 лютага, аднак, як паведамляў Sputnik, асаблівых новаўвядзенняў на мяжы дзвюх дзяржаў не адбылося.
Турысты рэкамендуюць
У сваю чаргу турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, станоўча адгукаюцца пра краіну. Па іх словах, увядзенне бязвізавага рэжыму актывізуе кантакты паміж рэспублікай і іншымі краінамі.
"У вас прыязныя людзі, выдатныя паркі, цікавая архітэктура на праспекце — Мінск варта ўбачыць", — упэўнены бельгіец Барт ван дэр Донке, які ўжо не ў першы раз прыязджае ў Беларусь.
А брытанец Найджэл Робертс нават склаў даведнік па Беларусі для замежнікаў. У нашу краіну ён прыязджае ўжо у дваццаць пяты раз.
"У маёй краіне, як і ў іншых частках Еўропы, ёсць уласныя гістарычныя помнікі і замкі, але гэта іншая культура, іншы лад жыцця. Вандроўца з захаду знойдзе тут нешта новае, і гэта важна. Шматлікія турысты бывалі ў Польшчы, Чэхіі, у краінах Балтыі, у Славакіі і Славеніі, бачылі ўсё, што ёсць у заходняй Еўропе, і што яны пасля гэтага на самай справе хочуць убачыць, так гэта нешта новае, нешта, чаго яны яшчэ не бачылі", — распавёў ён карэспандэнту Sputnik.
Будзе каго прывітаць
У Мінспорту і турызму спадзяюцца, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму дапаможа прыцягнуць у краіну больш турыстаў.
"Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму з Ізраілем колькасць турыстаў з гэтай краіны павялічылася ў два разы, з Турцыяй — у паўтара. Бязвізавы ўезд для груп кітайскіх турыстаў павялічыў паток амаль на 20%. І гэта толькі пачатак шляху", — заявіў намеснік дырэктара дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.
Гэтыя лічбы дазваляюць выказаць здагадку, што адмена віз з 80 краінамі таксама пазітыўна адаб'ецца на турыстычнай прывабнасці Беларусі.
Разам з тым існуе супрацьлеглае меркаванне, што істотнага павелічэння турпатоку чакаць не варта. "Не варта чакаць павелічэння турпатоку ў разы. Як не адбылося павелічэння ў разы турпатоку ў Белавежскай пушчы і на Аўгустоўскім канале, дзе візавыя паслабленні былі ўведзеныя раней. Там ёсць дынаміка, ёсць цікавасць, стала больш турыстаў, але пакуль гэта мізер ў рамках аб'ёмаў вялікіх турысцкіх патокаў", — распавёў выканаўчы дырэктар Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Валянцін Цэхмейстэр.
Паводле яго слоў, у РСТА вітаюць рашэнне ўладаў і спадзяюцца на далейшыя крокі. Перш за ўсё, па прасоўванні прынятага рашэння ў замежных краінах.