МІНСК, 13 лют — Sputnik. З 13 лютага Нацыянальная бібліятэка Беларусі адкрыла для прагляду карыстальнікаў пастаянна дзеючую віртуальную выставу, прысвечаную 95-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Міхаіла Андрэевіча Савіцкага (1922-2010).
Цяпер для таго каб даведацца пра жыццёвы і творчы шлях аднаго з выбітных беларускіх жывапісцаў, прадстаўніка "суровага стылю", не абавязкова ісці ў музей. Дастакова толькі зайсці на віртуальную старонку музея "Споведзь мужнасці і любові", каб пазнаёміцца з кароткай біяграфіяй Савіцкага; яго асноўнымі працамі, у тым ліку — ўражлівай і незабыўнай серыяй карцін "Лічбы на сэрцы"; кнігамі і артыкуламі пра жыццё і творчасць мастака; ілюстрацыямі Міхаіла Андрэевіча да дзіцячых кніг. Дапаўняюць выставу шматлікія фатаграфіі.
Наогул гэта не першы віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі. З 25 студзеня працуе віртуальная выстава "Электронныя выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі". У экспазіцыі прадстаўлены аўдыякнігі, электронныя энцыклапедыі, мастацкія фільмы, спектаклі і іншыя электронныя выданні з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта каля 80 дыскаў, якія сістэматызаваны ў восем тэматычных раздзелаў. Сярод іх выданні па выяўленчым мастацтве, архітэктуры, віртуальныя падарожжы па музеях свету, даведнікі па Беларусі і іншая цікавая інфармацыя.
Асаблівае месца займае раздзел, прысвечаны электронным выданням, створаным спецыялістамі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.