Вольга Караленка, Sputnik.
Зіма — не сезон для турыстаў, таму і ў спецыфічных сувенірных крамах Траецкага прадмесця зараз зацішша. Прадавец галярэі "Славутыя майстры", якая размешчана побач з адным з домікаў на набярэжнай, Тамара Прохарава паспявае кожнаму з завітаўшых прысвяціць столькі часу, колькі было б немагчыма спякотным летам. Ну а цяпер не толькі прапаноўвае завітаўшай дзяўчыне розныя фасоны вышыванак, але і падбірае да іх паяскі, завушніцы, вянкі.
Пасуюць да джынсаў
Патэнцыйнай пакупніцай аказалася расіянка Каця Барабашава. У Мінск яна прыехала да сяброў па перапісцы. Будучы паракладчык — студэнтка Варонежскага ўніверсітэта — мае далёкія беларускія карані па дзядулі. Мабыць, гэта і паўплывала на любоў да арнаменту, вопратку з якім яна мэтанакіравана шукала па магазінах горада.
— Была ў "Сталіцы", бачыла фабрычны тавар, але захацелася ручной работы, таму завітала сюды.
Дарэчы, у "Галерэі" можна знайсці вышыванкі і аўтарскія, і фабрычныя такіх вядомых вытворцаў, як Аршанскі льнокамбінат, "Скарбніца", брэсцкі "Этнапіпл" ды і многіх іншых.
Работы розняцца і па тыпу тканіны, нават калі на адной і той жа напісана "лён", і па кошце. Вышыванку можна набыць ад 30-40 рублёў да 150-200. Вельмі многа фактараў уплывае на кошт, хоць некаторыя ляжаць на паверхні. Ручную вышыўку маленькімі крыжыкамі лёгка адрозніць ад машыннай, на першыя кошт звычайна вышэйшы.
Хоць і незаўсёды. Па словах вядучага спецыяліста, кансультанта галерэі "Славутасць" Мірыны Каржанеўскай, усё залежыць ад аўтара. "Многія ставяць рэальныя цэны, таму і аўтарскія работы бываюць танней за фабрычныя. Мне вельмі падабаецца спалучэнне кошту і якасці у аршанскай і брэсцкай фабрык. Разнастайны асартымент. Але галоўнае — тая энергетыка, якая сыходзіць з вышываных рэчаў. Мы ж не проста прадаём, мы падбіраем, зыходзячы з падзеі. Вось, напрыклад, вельмі часта набываюць ручнікі. Пытаемся, для чаго канкрэтна: маладым пад ногі паслаць ці каб хлеб-соль на ім паднесці. Арнамент жа ўсюды розны. Птушачкі адна за адной ідуць — перыяд заляцання. Калі адна насупраць другой і так званы вазон у цэнтры — на вяселле як сімвал дабрабыту і дастатку".
Нашу размову тым часам перабівае пакупніца. Маша выбрала чырвоную майку з арнаментам, на этыкетцы якой таксама апісанне: сімвал прыгажосці, росквіту. Падыйдзе сяброўцы з Польшчы, для якой дзяўчына і шукала падарунак. Яна год працуе валанцёрам у Беларусі, вельмі цікавіцца нашай мовай, культурай, таму і выбірала "беларускую" майку.
Дарэчы, моладзь сярод вышыванак шукае менавіта лёгкія фуфайкі. Якія пасуюць да джынсаў і летніх спадніц.
А вось Тамара Іванаўна заўсёды прапаноўвае маладым наведвальнікам прымерыць блакітныя вышыванкі, паколькі ведае, як яны пасуюць да джынсаў. А апрануўшы, іх ужо не хочацца і здымаць.
А як вышыванкі мяняюць твар! Каця, далучыўшы яшчэ вяночак ды паясок, ператварылася ў тыповую беларускую прыгажуню.
Колеравыя адценні можна выбраць любыя — ад традыцыйнага белага да чорнага, як і тып гузікаў, арнамент і яго памер.
Нягледзячы на тое, што сцены аднаго з пакояў завешаны кашулямі і сукенкамі, калі вам нешта не падабаецца ці не аказалася вашага памеру, без пажаданай абноўкі вы не застанецеся.
Непасрэдна тут, у галерэі "Славутыя майстры", і выслухаюць вашы пажаданні, і нават здымуць меркі. Па папярэдняй дамоўленасці сюды прыходзіць майстар, якая і абмерыць, і падбярэ разам фасон. Варта толькі загадзя папярэдзіць.
Кліенты з падарачнымі сертыфікатамі
Ёсць у краме і асаблівыя кліенты, якія прыходзяць за вышываным адзеннем не з кашальком, а са спецыяльным сертыфікатам. Цікава, што выпускае іх не майстар ручных работ і нават не магазін — а пакупнік, хоць і не зусім звычайны — пастаянны. Гэта кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў, які і сам вельмі любіць натуральныя рэчы з лёну, і сябрам, знаёмым дорыць вышыванкі.
Спачатку дарыў рэчы, а цяпер вось сертыфікаты, каб кожны дагаджаў сабе сам.
Але самыя частыя пакупнікі беларускіх вышыванак, па словах прадаўцоў, не жахары Беоарусі, а іх нашчадкі-замежнікі. Тыя, хто па нейкіх прычынах пакінуў краіну, і зараз арнамент на ільне — тая нітачка, што звязвае з радзімай.
Зразумела, што такая экалагічна чыстая кашуля — яшчэ і выдатны падарунак, які не сорам прыпаднесці на самыя важкія юбілеі. Зусім нядаўна вышыванку ў галерыі "Славутыя майстры" набыў Анатоль Ярмоленка для юбілею Льва Лешчанкі. Так што калі не ведаеце, які падарунак абраць — смела шукайце вышыванку. І для сябе, любімага, таксама. Да іх можна падабраць і мноства прыгожых дадаткаў, якія толькі падкрэсляць беларускасць: ад паяскоў да завушніц ці калье — вышыванага ці з бісеру. Такая рэч упрыгожыць любую вячэрнюю сукенку.
Вышыўка раскажа нават пра ўзрост
Дарэчы, па старадаўняй вышыванцы можна было сказаць пра ўзрост майстрыхі, а таксама аб месцы яе пражывання. Для Віцебшчыны акрамя асноўных колераў (чырвонага, чорнага) характэрныя шэра-блакітныя, а вось для паўднёвых рэгіёнаў Беларусі больш яркія арнаменты. З узростам жа зусім проста: дробным крыжыкам вышывалі незамужнія дзяўчаты, у якіх на гэта быў час, а вось ткацтвам займаліся ў асноўным замужнія жанчыны.