МІНСК, 15 лют — Sputnik. Ледзяное покрыва на рэках і азёрах Беларусі ў бліжэйшыя дні пачне раставаць, аматарам зімовай рыбнай лоўлі варта быць вельмі ўважлівымі, паведамілі ў сераду ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Паводле інфармацыі Гідрамета, маразоў у рэспубліцы не будзе да канца лютага. Пры гэтым метэаролагі прагназуюць, што ў наступныя некалькі дзён тэмпература паветра днём у краіне падымецца да +4°С. "У бліжэйшыя дні на рэках і вадаёмах чакаецца раставанне снежнага і ледзянога покрыва, магчыма ўтварэнне расколін у лёдзе", — сказалі ў Гідрамеце.
Там таксама паведамілі, што цяпер практычна на ўсіх рэках Беларусі стаіць лёд, месцамі з палонкамі, яго таўшчыня складае 11-40 сантыметраў.
На азёрах і вадасховішчах — суцэльнае ледзяное покрыва, пры гэтым самы тоўсты лёд на Нарачы і Заслаўскім вадасховішчы (Мінскім моры) — 39 сантыметраў, на Вілейскім вадасховішчы — 33 сантыметры, на Чыгірынскім — 35.
Сіноптыкі адзначаюць, што цяпер на рэках пакуль адбываецца спад узроўню вады з інтэнсіўнасцю ад аднаго да 10 сантыметраў.