МІНСК, 16 лют — Sputnik. У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Беларусь вярнуўся помнік нацыянальнай кніжнай культуры — "Малая падарожная кніжка", надрукаваная Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе.
Як паведамілі ў Белгазпрамбанку, якому зараз належыць выданне, на сённяшні дзень гэта адзіны асобнік дадзенай кнігі ў нашай краіне.
"Вяртанне дадзенага ўнікальнага нацыянальнага артэфакта на радзіму менавіта ў год святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — неардынарная і знакавая падзея не толькі для банка, але і для ўсёй краіны", — адзначыў кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. "Гэта дае нам магчымасць прадэманстраваць адзінства беларускай і еўрапейскай культур, якое прайшло скрозь стагоддзі. Мы рады паведаміць, што ў цяперашні момант Белгазпрамбанк працуе над рэалізацыяй новага міжнароднага праекта, прысвечанага гэтай знамянальнай для ўсёй Беларусі і Еўропы даце", — дадаў ён.
Поўных асобнікаў "Малой падарожнай кніжкі" не захавалася. Найбольш поўныя выданні маюцца ў бібліятэках Масквы, Капенгагена і Санкт-Пецярбурга. Самыя поўныя — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (20 кніг), у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене (18 кніг).
У 1520 годзе Францыск Скарына прыехаў у Вільню і пры падтрымцы бурмістра Якуба Бабіча ў 1522-м выдаў "Малую падарожную кніжку", а ў 1525 годзе — "Апостал".
"Малая падарожная кніжка" з'яўляецца "часасловам для свецкіх", гэта значыць зборам царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў: "Псалтыр", "Часословец", "Шестидневец", "саборнікі", акафісты, каноны. Гэта больш, чым проста адно выданне: 18 кніг, сабраных разам у адзін пераплёт. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. Да 9 кніг пасляслоўе напісаў Францыск Скарына асабіста.
Нагадаем, у 2017 годзе ў нашай краіне праходзіць святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: 6 жніўня 1517 года выйшаў "Псалтыр", выдадзены Францыскам Скарынам у Празе.