Экспазіцыя ўключае ў сябе творы мастацтва з прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла, нашчадка ў 17 калене знакамітага найбагацейшага магнацкага роду. Мацей Радзівіл — паспяховы польскі фінансіст, прадпрымальнік, мецэнат і грамадскі дзеяч пачаў збіраць калекцыю сямейных помнікаў на еўрапейскіх аўкцыёнах яшчэ ў 90-я гады. Ён часты госць у нашай краіне, дапамагаў з экспазіцыяй Нясвіжскага і Мірскага замкаў. Прыкладна каля года таму ён запрасіў супрацоўнікаў Нацыянальнага мастацкага музея да сябе дадому. Убачаная хатняя калекцыя ўразіла беларускіх мастацтвазнаўцаў. Так і нарадзілася ідэя выставы.
"Радзівіл з радасцю пагадзіўся прадставіць сваю экспазіцыю беларускаму гледачу. Было адабрана каля 100 твораў, гэта жывапіс, графіка, мініяцюры, дэкаратыўныя тканіны, памятныя медалі, прысвечаныя роду Радзівілаў. Усё гэта было прывезена ў нашу краіну. Экспанаты ёсць надзвычай каштоўныя", — распавяла Карпенка.
Каштоўнасцю вылучаюцца некалькі экспанатаў калекцыі. Гэта партрэт кардынала Ежы Радзівіла XVI стагоддзя, дэкаратыўная тканіна "Макат" XVIII стагоддзя, адзін з ранніх слуцкіх паясоў, жанравая карціна Юльяна Фалата, якая паказвае паляванне імператара Вільгельма II з сям'ёй Радзівілаў. На гэтыя творы Мацеем Радзівілам быў атрыманы спецыяльны дазвол на вываз Міністэрствам культуры Польшчы.
Экспазіцыя займае дзве залы на першым паверсе Нацыянальнага мастацкага музея. Адкрывае яе партрэт Барбары Радзівіл. Уласна творы з калекцыі Мацея Радзівіла займаюць паўтары залы. У другой зале прадстаўлены дваццаць роставых партрэтаў дынастыі Радзівілаў са збору музея.
"Будуць не толькі жывапісныя партрэты з нашай калекцыі. Ёсць яшчэ кнігі з Нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў, прадастаўленыя нашай Нацыянальнай бібліятэкай. Таксама мы паказваем дакументы з Нацыянальнага архіва, дзе гаворка ідзе пра лёс калекцыі Радзівілаў пасля 1939 года", — адзначыла Карпенка.
Афіцыйная цырымонія адкрыцця выставы адбудзецца 27 лютага. Яе наведаюць прадстаўнікі пасольства Польшчы, міністэрстваў культуры Польшчы і нашай краіны, прыбудзе і сам Мацей Радзівіл. Экспазіцыя працягнецца да 16 красавіка.
Цалкам размову з Аленай Карпенка слухайце на радыё Sputnik Беларусь.