МІНСК, 17 лют — Sputnik. Польшча гатова пазычыць Беларусі стол, за якім у канцы 1980-х ішлі перамовы паміж польскімі ўладамі і прадстаўнікамі прафсаюза "Салідарнасць", для беларускага нацыянальнага дыялогу, паведаміў выданню Rzeczpospolita прэс-сакратар прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды Марэк Магероўскі.
Ідэю агульнанацыянальнага дыялогу падаў галоўны рэдактар газеты "Народная воля" Іосіф Сярэдзіч у ходзе гутаркі з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, якая адбылася ў мінулы панядзелак. Сярэдзіч пасля размовы адзначыў, што кіраўнік дзяржавы "як ніхто іншы разумее небясьпеку, якая можа навіснуць над краінай".
"Калі ідэя беларускага круглага стала набудзе канкрэтныя формы, то можна падумаць аб тым, каб пазычыць вядомы прадмет мэблі з прэзідэнцкага палаца", — сказаў Магероўскі.
Ён таксама адзначыў, што Польшча будзе вітаць любы від дыялогу паміж уладамі і прадстаўнікамі апазіцыі.
Перамовы за круглым сталом паміж камуністычнымі ўладамі Польшчы і прадстаўнікамі "Салідарнасці" прайшлі ў лютым 1989 года, пасля чаго ўпершыню апазіцыя атрымала месцы ў парламенце краіны.