МІНСК, 18 лют — Sputnik. Архітэктурную спадчыну выбітнага дойліда Іосіфа Лангбарда прадставіць выстава ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, паведамілі ў музеі.
Адкрыццё выставы "Мінск Іосіфа Лангбарда", прысвечанай 950-годдзю Мінска, а таксама 135-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, доктара архітэктуры Іосіфа Лангбарда адбудзецца 22 лютага.
У экспазіцыі прадстаўлены рэдкія архіўныя матэрыялы, дакументальныя фатаграфіі, архітэктурныя замалёўкі, акварэльныя малюнкі, а таксама ўнікальныя знаходкі, выяўленыя падчас будаўніча-рамонтных работ у Доме ўраду ў Мінску.
Творчасць І. Лангбарда аказала значны ўплыў на архітэктуру Мінска 1930-х гадоў. У гэты перыяд дойлід стварае праекты, дзе найбольш поўна раскрыліся яго здольнасці: Дом Чырвонай Арміі (1934-39), Вялікі тэатр оперы і балета (1933-37), галоўны корпус Акадэміі навук БССР (1935-40), Дом урада (1930- 1934).
Дзіўным чынам, мінскія збудаванні Іосіфа Лангбарда перажылі Вялікую Айчынную вайну. Унікальныя фонды Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі раскрываюць перад наведвальнікам этапы будаўніцтва і рэканструкцыі праектаў І. Г. Лангбарда.
Сярод прадстаўленых матэрыялаў асаблівую цікавасць выклікаюць чарцяжы і малюнкі інтэр'ераў будынкаў, праекты рэканструкцыі пасляваеннага Мінска, замалёўкі архітэктурных фантазій І. Лангбарда, фатаграфіі з сямейнага архіва.
Акрамя магчымасці дакрануцца да гісторыі мінскай архітэктуры, наведвальнікі змогуць паглядзець дакументальны фільм пра І. Лангбарда (рэж. А. Лукашэвіч, А. Аляксееў).