МІНСК, 20 лют — Sputnik. У Маскве завяршыўся фестываль патрыятычнай песні "Чырвоны гваздзік", у якім прымала ўдзел больш за 300 выканаўцаў з розных краін.
Песня на беларускай мове ўпершыню стала лаўрэатам гэтага міжнароднага фестывалю патрыятычнай песні.
"Карабель маёй краіны" — песня, напісаная на музыку Алега Молчана і словы Алеся Ліпая. Выконвае песню ўладальніца прыза глядацкіх сімпатый Нацыянальнай музычнай прэміі Ірына Відава. Упершыню песня прагучала ў 2015 годзе на фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.
Фінал юбілейнага канцэрта адбыўся ў знакамітай калоннай зале Дома Саюзаў у Маскве. На сцэну разам з лаўрэатамі выйшлі вядомыя пераможцы мінулых конкурсаў — Іосіф Кабзон, Тамара Гвердцытэлі, Вячаслаў Дабрынін.
Першы міжнародны фестываль песні "Чырвоны гваздзік" прайшоў у Сочы ў 1967 годзе, тады ў аглядзе прымалі ўдзел 17 спевакоў з дзевяці краін. На працягу многіх гадоў журы конкурсу ўзначальвала кампазітар Аляксандра Пахмутава.