МІНСК, 21 лют — Sputnik. Амбасада Вялікабрытаніі ў Беларусі на сваёй старонцы ў Facebook павіншавала з Днём роднай мовы перакладам верша Максіма Багдановіча "Па-над белым пухам вішняў".
Пад час міжнароднай кніжнай выставы гэты верш у перакладзе Веры Рыч на англійскую мову чытала амбасадар яе Вялікасці ў Беларусі Фіёна Гіб.
Таксама амбасада ў сваім паведамленні нагадала аб гісторыі Дня роднай мовы. "Сёння свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. У гэты дзень у 1952 годзе, студэнты, якія ладзілі дэманстрацыю за прызнанне мовы "бангла", як адной з двух нацыянальных моў тагачаснага Пакістана, былі расстраляныя паліцыяй у Даке — сталіцы сучаснага Бангладэша", — напісана ў паведамленні.
Зараз 21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА 18 гадоў таму па ініцыятыве Бангладэша.