МІНСК, 21 лют — Sputnik. 23 лютага ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстава "Уладзімір Мулявін. Спадчына вялікага маэстра".
Паводле словаў арганізатараў, "выстава дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з творчасцю Уладзіміра Мулявіна — выбітнага музыканта, кампазітара, заснавальніка і мастацкага кіраўніка беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля "Песняры". Экспазіцыя ўяўляе сабой своеасаблівую прэзентацыю працэсу працы над сцэнічнымі касцюмамі легендарнага ансамбля, дазваляючы прасачыць шлях ад ідэі да яе рэалізацыі. Пры гэтым стваральнікі касцюмаў ставілі перад сабой задачу аб'яднаць вобраз выканаўцы са зместам песні".
Фонды Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — філіяла Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь папоўнілі 17 эскізаў касцюмаў для ансамбля "Песняры".
Эскізы, створаныя членамі Беларускага саюза мастакоў Валянцінай Бартлавай і Галінай Крываблоцкай, стануць цэнтральнымі экспанатамі паказу. Дапоўняць экспазіцыю нотныя рукапісы, фатаграфіі, афішы канцэртаў, эскізы касцюмаў, распрацаваныя ў свой час мастакамі Юрыем Піскуном і Вольгай Дзёмкінай, а таксама арыгінальныя канцэртныя касцюмы ансамбля і непасрэдна самаго вялікага маэстра. Толькі на адкрыцці выставы можна будзе ўбачыць двухгрыфовую гітару Уладзіміра Мулявіна — любімы інструмент музыканта, якім ён валодаў віртуозна.
Гэта творчы праект Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Музея Уладзіміра Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры".