МІНСК, 21 лют — Sputnik. У Мінску 24 лютага адбудзецца фінал спаборніцтваў "Навуковага рынга" — першага ў Беларусі праекта ў фармаце навуковых баёў, дзе ўдзельнікі наглядна і даступна тлумачаць сутнасць сваіх даследаванняў і распрацовак са сцэны.
Як паведамілі ў прэс-службе НАН Беларусі, маладыя даследчыкі прадставяць такія навуковыя вобласці, як медыцынская біяфізіка, энергетыка, генетыка, тэарэтычная фізіка, транспланталогія, машынабудаванне, неанаталогія і медыцына.
Удзельнікам баёў неабходна за 10 хвілін без традыцыйных тэзісаў і прэзентацый, з дапамогай любых наглядных матэрыялаў прадэманстраваць сутнасць сваёй працы, а затым адказаць на пытанні залы.
У навуковых баях прымуць удзел прадстаўнікі Акадэміі навук Беларусі, спецыялісты ВНУ і навуковых падраздзяленняў устаноў аховы здароўя.
Унікальнасць праекта "Навуковы рынг" заключаецца ў тым, што ў ходзе яго аўдыторыя гледачоў атрымлівае магчымасць не толькі азнаёміцца з развіццём навукі ў цэлым, але і даведацца аб знакавых даследаваннях, тэхналогіях і распрацоўках айчынных спецыялістаў.
У якасці рэферы навуковых баёў выступіць вядомы шоумэн і тэлевядучы Яўген Булка.
Таксама для наведвальнікаў баёў выступіць гурт "VURAJ", які эксперыментуе з беларускім фальклорам, злучаючы яго з элементамі розных стыляў сучаснай музыкі.
Як трапіць: уваход на мерапрыемства бясплатны, з рэгістрацыяй па спасылцы.
Дзе: у Парку высокіх тэхналогій (г. Мінск, вул. Купрэвіча, 1/5).
Калі: 24 лютага з 18:00 да 21:00.