МІНСК, 22 лют — Sputnik. На працягу двух дзён 27 і 28 лютага квіткі на шэраг рэйсаў Нацыянальнай авіякампаніі "Белавія" будуць прадавацца па 50 еўра плюс зборы і таксы, паведамляецца на сайце авіякампаніі.
Акцыя стартуе пад лозунгам "Адкрывай межы". Кампанія прапануе замежным гасцям скарыстацца магчымасцю пяцідзённага бязвізавага знаходжання ў Беларусі і адмысловымі коштамі на квіткі.
Зрэшты купіць танныя квіткі могуць і беларусы, бо акцыя дзейнічае пры куплі білетаў як у Мінск, так і з Мінска, і толькі па маршруце туды-назад.
Набыць квіткі можна будзе толькі на сайце авіякампаніі і толькі на прамыя рэгулярныя рэйсы. Напрамкі ў/з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Тэль-Авіва, Бейрута ў акцыі не ўдзельнічаюць.
Скарыстацца акцыйнымі квіткамі можна будзе толькі ў перыяд з 1 сакавіка па 30 красавіка. Мяркуецца, што максімальны тэрмін знаходжання ў пункце прызначэння не павінны перавышаць месяц.
Распродаж стартуе 27 лютага ў 00:01 па мінскім часе і завершыцца ў 23:59 28 лютага.