МІНСК, 23 лют — Sputnik. Традыцыйны "Аладны фэст" на Масленіцу ў Віцебску пройдзе 25-26 лютага ў парку "Мазурына", паведамілі ў Цэнтры культуры "Віцебск".
Паводле слоў арганізатараў, "на працягу двух дзён "Аладнага фэсту" можна будзе пачаставацца блінцамі, аладкамі і іншымі найсмачнейшымі стравамі, якія прывязуць да нас майстры літоўскай ярмаркі "Казюкас". Нашыя суседзі зладзяць сапраўднае кулінарнае шоу: майстар-клас "вялікія бліны для маленькіх дзетак" навучыць гатаваць і маленькіх, і дарослых. Акрамя таго, госці з Літвы прапануюць паўдзельнічаць у конкурсах на лепшае аздабленне шпакоўні і самы хуткі збор пазлаў".
Таксама ўдзельнікаў фэсту чакае асаблівая канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў гораду і Цэнтра культуры "Віцебск". Эфектным фіналам фэсту ў парку "Мазурына" стане традыцыйнае спальванне сапраўднага масленічнага пудзіла. Для актыўнага адпачынку можна выбраць спартыўны інвентар у пункце пракату і нават пакатацца на конях!
Дзе: парк "Мазурына".
Калі: 25 і 26 лютага, з 11:00 да 15:00.
Уваход вольны.