Мова, культура, гісторыя: на гэтым трымаецца суполка "Пагоня"

© Sputnik / Виктор ТолочкоПалац мастацтва
Палац мастацтва - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нягледзячы на тое, што ў Мінску 22 лютага амаль адначасова было адкрыццё некалькіх вельмі цікавых імпрэз, выстава "Лісты з нябёсаў" сабрала шмат прыхільнікаў беларускага выяўленчага мастацтва.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik. 22 лютага ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі адбылося адкрыццё выставы памяці мастакоў творчай суполкі "Пагоня" і іх сяброў-аднадумцаў з іншых секцый Беларускага саюза мастакоў пад назвай "Лісты з нябёсаў", сфарміраванай з іх лепшых твораў.
Кожны з сябраў супольнасці, якая ў мінулым годзе адзначыла сваё 25-годдзе, па словах мастацтвазнаўцы Таццяны Гаранскай, унікальная асоба, талент і характар. Сярод іх вядомыя жывапісцы і графікі, дызайнеры і скульптары, аўтары мастацкага фота, мастакі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Усіх іх аб'ядноўвала жаданне ўвасобіць праз мастацтва нашу непаўторную Беларусь.
У выставачнай прасторы нішто не перашкаджала весці нетаропкую гутарку з творцамі. Карціны бы нерукатворныя лісты з нябёсаў павольна ўводзілі ў стан глыбокай унутранай засяроджанасці, вучылі любіць і цаніць сваё, спяшацца цаніць кожнае імгненне гэтага жыцця.
Нажаль, сярод мастакоў не ўсе дачакалі слаўнага юбілею, адышоўшы ў іншы свет. У большасці выпадкаў гэта выдатныя прадстаўнікі мастацтва Беларусі другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў.
На выставе можна было пабачыць творы Яўгена Куліка, Пятра Шарыпы, Міхася Раманюка, Уладзіміра Судзілоўскага, Пятра Драчова, Віктара Шматава і іншых творцаў. А таксама творы славутых майстроў, аднадумцаў суполкі "Пагоня" Уладзіміра Стальмашонка, Арлена Кашкурэвіча, Гаўрылы Вашчанкі, Аляксандра Кашчанкі, Анатоля Бараноўскага, Леаніда Марчанкі, Аляксея Пятрухны, Міхася Рагалевіча, Антона Бархаткова.
Нягледзячы на тое, што ў Мінску ў гэты вечар амаль адначасова было адкрыццё некалькіх вельмі цікавых імпрэз, выстава "Лісты з нябёсаў" сабрала шмат прыхільнікаў беларускага выяўленчага мастацтва.
Вярнуўшыся да хаты, поўная ўражанняў ад пабачанага, сказала маме, што на дварэ зноў выпаў снег, на што тая заўважыла: "Гэта Бог палаткі падмятае".
Які трапны народны выраз, ці не праўда. Выходзіць, што ў Бога ёсць хата і ў ёй ёсць палаці, засыпаныя снегам. Мусіць ён іх падмятае для таго, каб пакласці на іх спаць зіму, маразы, халадэчу.
А вам, даражэнькія, шчыра параю адкласці ў бліжэйшы час пільныя справы і наведаць гэту цудоўную выставу, якая працягнецца ўсяго некалькі дзён і 28 лютага завершыць сваю работу. Да сустрэчы.
Стужка навiн
0