Турма "дзекабрыстаў" і паўстанцаў: што чакае Бабруйскую крэпасць?

© Photo : Егор ЛитвинРуіны Бабруйскай крэпасці
Руіны Бабруйскай крэпасці - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Sputnik паспрабаваў разабрацца, чаму не праводзяць рэканструкцыю 200-гадовай Бабруйскай крэпасці, якая разбураецца на вачах.

Бабруйская крэпасць сёння выклікае ў гараджан хутчэй пачуццё жалю, чым гонару. Збудаванне, якое занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі і аднесена да каштоўнасцяў рэспубліканскага значэння, разбураецца. Ужо шмат гадоў тут абяцаюць правесці рэканструкцыю, але толькі марнуюць час. Карэспандэнт Sputnik Юлія Балакірава паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.

Брэсцкая ці Бабруйская?

Напачатку лютага ў Бабруйску прайшла калегія Міністэрства культуры Беларусі, на якой агучваліся планы на бліжэйшыя гады. Пытанне рэканструкцыі Бабруйскай крэпасці пакінулі па-за ўвагай. Усё бы нічога, але ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады планавалася стварыць на тэрыторыі крэпасці ўстанову культуры "Гісторыка-культурны музейны комплекс "Бабруйская крэпасць" з музейнымі аб'ектамі, дзе будуць шырока выкарыстоўвацца дыярамы, панарамы, арыгінальныя ўзоры і муляжы ваеннай тэхнікі і зброі, выкананыя на сучасным навуковым і тэхнічным узроўні. Арганізацыя "Белпраектрэстаўрацыя" распрацавала план рэканструкцыі. Быў складзены каштарыс. Як пісалі бабруйскія СМІ, планавалася, што да 2017 года пад рэканструкцыю выдзеляць сродкі з рэспубліканскага бюджэту.

© Photo : Егор ЛитвинБылыя казармы крэпасці разбураюцца
Бывшие казармы крепости разрушаются день от дня - Sputnik Беларусь
Былыя казармы крэпасці разбураюцца

"На калегіі гаварылі больш аб рэканструкцыі Брэсцкай крэпасці, чым нашай. Шкада, бо Бабруйская старэй Брэсцкай. Акрамя таго, мы б папулярызавалі тэму вайны 1812 года. Гэтаму перыяду гісторыі ў нашых музейных і гістарычных аб'ектах не надаецца належнай увагі. А ў нас жа ёсць вельмі цікавая інфармацыя", — адзначае старшы навуковы супрацоўнік Бабруйскага краязнаўчага музея Іна Аўсейчык.

Бабруйскі мяшок і карцэр Фрыдрыха

Спецыяліст прыводзіць і іншыя довады ў абарону Бабруйскай крэпасці. Напрыклад, пра Брэсцкую не прынята казаць як пра турму, хоць у свой час яна выконвала гэтую функцыю. А пра Бабруйскую можна было б.

"Тут адбывалі пакаранне "дзекабрысты", удзельнікі паўстанняў 1830 і 1861 гадоў. У арыштанцкіх ротах Бабруйска быў катаржны рэжым — трапляць сюды лічылася самым страшным пакараннем. Пра гэта пісаў яшчэ Валянцін Пікуль. У апавяданні "Бабруйскі мяшок" ён апісваў яйкападобную камеру турмы, у якой людзі парой гублялі розум. На самай справе яе не існавала. Але была не менш страшная камера пад назвай "Карцэр Фрыдрыха". Яна славілася тым, што ў ёй жыло шмат пацукоў. Аднаго зняволенага, якога звалі Фрыдрых, па мясцовым паданні, гэтыя звяры загрызлі", — распавядае Аўсейчык.

Крэпасць — унікальны комплекс фартыфікацыйных збудаванняў першай паловы XIX стагоддзя. Такіх няма больш нідзе ў Беларусі, заўважаюць у музеі.

© Photo : Бобруйский краеведческий музейГалоўныя вароты Бабруйскай крэпасці
Главные ворота Бобруйской крепости - Sputnik Беларусь
Галоўныя вароты Бабруйскай крэпасці

"Узяць контр-мінную галерэю, якая ўяўляе сабой падземны ход у кірунку непрыяцеля. Паводле легенды, падземныя хады ўтваралі цэлую сетку і выходзілі далёка за межы крэпасці. Зараз на 3-м палігоне маецца адзін вядучы праход — галерэя, ад якога адыходзяць адгалінаванні. Што важна — усе яны захаваліся да нашых дзён. Калі б комплекс быў створаны, можна было б сюды пускаць наведвальнікаў", — кажа Іна Вячаславаўна.

Страчаныя Мінскія вароты

Мяркуючы па плане рэканструкцыі, на месцы крэпасці павінен быў з'явіцца вельмі цікавы аб'ект.

"У крэпасці павінны былі ўзнавіць 3-ці палігон, у тым ліку частку галоўнага вала з бастыёнамі. Вал у вышыню з 4-павярховы дом. Тут аднавілі б пляцоўкі для гармат. Планавалася рэканструяваць Мінскія вароты з маставым пераходам. На іх збіраліся павесіць герб з арлом, як гэта было раней. Ён вісеў над аркай", — распавядае Ірына Аўсейчык.

Сёння ад варот засталася толькі частка ў выглядзе руін, змешчаная ніжэй пад'ёмнага мастка. СМІ вінавацяць у гэтым чыноўнікаў. Нібыта тыя перад адкрыццём спарткомплексу "Бабруйск-Арэна", які знаходзіцца каля крэпасці, далі каманду адкапаць і раскансерваваць вароты, а далей нічога не распачалі. У выніку іх фактычна страцілі.

© Photo : Егор ЛитвинМінскія вароты Бабруйскай крэпасці
Минские ворота Бобруйской крепости - Sputnik Беларусь
Мінскія вароты Бабруйскай крэпасці

"Музейную экспазіцыю падчас рэканструкцыі змясцілі б у будынку кардэргардыі. Гэта каравульны дом, дзе раней дзяжурыў каравульны афіцэр і салдаты. Тут знаходзілася і арыштанцкае памяшканне. Таксама збіраліся закансерваваць абарончыя вежы, так званыя рэдуіты", — працягвае Ірына Вячаславаўна.

Дзве зімы

Ці дачакаецца крэпасць рэканструкцыі — вялікае пытанне. Яна хутка руйнуецца. Ужо страчаны многія земляныя збудаванні. Як адзначае Іна Вячаславаўна, яшчэ два гады таму галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі Андрэй Карпук прызнаўся ёй, што крэпасць прастаіць усяго пару зім.

"Для нас гэта вялікі боль", — кажа яна.

Выратаваць збудаванне спрабавалі і раней. У 2006 годзе Бабруйскі гарвыканкам прапанаваў прадпрымальнікам узяць у доўгатэрміновую арэнду некаторыя памяшканні крэпасці. Так збудаванні былі б прыведзены ў парадак, што дазволіла б ім далей не разбурацца. Бізнесмены пагадзіліся, плануючы размясціць тут гасцініцы, рэстараны, гандлёвыя цэнтры. А потым рэзка адмовіліся. Па-першае, таму што збудаванні з'яўляюцца помнікамі архітэктуры, пры іх рамонце трэба ўлічваць шэраг патрабаванняў.

"Прадпрымальнікі палічылі, колькі будзе каштаваць аднаўленне цэглы і іншага, і вырашылі: навошта ім такія цяжкасці. Да таго ж у раёне не развітая транспартная сетка. А значыць, кліенты да іх не паедуць", — распавядаюць мясцовыя журналісты.

© Photo : Егор ЛитвинСтатус гісторыка-культурнай каштоўнасці не абараняе ад звычайнага смецця
Хотя на стенах крепости висят таблички Историко-культурная ценность, под них частенько сбрасывают мусор - Sputnik Беларусь
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці не абараняе ад звычайнага смецця

Хто вінаваты?

У Міністэрстве культуры Беларусі пацвердзілі: у пастанове Савета міністраў ад 26.12.2010 года № 1905 "Аб зацвярджэннi Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусi" на 2011-2015 гады" сапраўды запланаваны мерапрыемствы па стварэнні Гісторыка-культурнага музейнага комплексу "Бабруйская крэпасць". Аднак выканаўцам даручэння выступае Магілёўскі аблвыканкам. Сродкі з рэспубліканскага бюджэту выдзяляць на гэта не планавалася.

У аблвыканкаме ў сваю чаргу адзначылі: фінансаванне рэканструкцыі аб'екта кладзецца на плечы таго, хто ім валодае. У дадзеным выпадку — горада.

"Усе дзеянні на аб'ектах павінны пачынацца з рашэння выканкама. У свой час праектная дакументацыя была распрацавана. А чаму ўсё спынілася, трэба пытацца ў мясцовай улады. Я так разумею, там не хапала сродкаў", — заўважае начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны міністэрства Аксана Сматрэнка.

Адказу ад Бабруйскага гарвыканкама Sputnik пакуль атрымаць не ўдалося.

Важная роля Бабруйскай фартэцыі

У Бабруйскім краязнаўчым музеі спадзяюцца на вырашэнне сітуацыі, адзначаючы, што крэпасць — збудаванне з цікавай і няпростай гісторыяй. Вайну 1812 года яна сустрэла недабудаванай. Але на яе ўзбраенне было пастаўлена больш за 300 гармат. Гарнізон збудавання налічваў каля 4000 чалавек.

© Photo : Егор ЛитвинСцены Бабруйскай крэпасці
Стены Бобруйской крепости - Sputnik Беларусь
Сцены Бабруйскай крэпасці

Пад абаронай умацаванняў Бабруйскай крэпасці камандуючы 2-й заходняй рускай арміяй Пётр Баграціён змог даць адпачынак сваім воінам, перафармаваць за кошт гарнізона крэпасці найбольш парадзелыя падраздзяленні, пакінуць хворых і параненых, папоўніць баезапас і неўзабаве шчасна злучыцца з 1-й арміяй у Смаленску.

Пасля сыходу Баграціёна Бабруйская крэпасць была блакавана польскай дывізіяй генерала Яна Дамброўскага, чатыры месяцы яна знаходзілася ў аблозе. Тым не менш, сёння вайсковымі гісторыкамі пастаянна адзначаецца важная роля Бабруйскай фартэцыі ў вайне 1812 года.

"Ні адна крэпасць Расіі не з'яўлялася гэтак карыснай, як Бабруйск у 1812 годзе", — пісаў генерал-лейтэнант Аляксандр Міхайлоўскі-Данілеўскі ў кнізе "Героі Айчыннай вайны".

Стужка навiн
0