"Чырачкамі" тут называюць пэўны від балотных птушак, а таксама асаблівае печыва, якое раздаюць усім прысутным на свяце.
Рыхтуюцца да свята загадзя: пякуць "чырачкі", рыхтуюць малочныя прадукты для застолля, прыносяць з лесу маладую ялінку, робяць пудзіла для спальвання. А ў нядзелю раніцай збіраюцца ў адзін дом старыя і маладыя, упрыгожваюць ёлку стужкамі і папяровымі кветкамі, спяваюць. Потым адпраўляюцца на гару за вёскай.
На гары гукаюць вясну, водзяць карагоды, гуляюць у гульні, спальваюць пудзіла. Хлопцы зацягваюць упрыгожаную ялінку на дуб. Усе абрадавыя дзеянні суправаджаюцца песнямі. Дзеля добрага ўраджаю і дабрабыту трэба катацца з гары па снезе. Калі снегу мала ці няма, таняжане не губляюцца: раскладваюць на схіле покрывы і катаюцца.
Кожная гаспадыня ідзе на гару з кошыкам страў, якімі аднавяскоўцы частуюць адзін аднаго.