МІНСК, 27 лют — Sputnik. Адкрыты прыём заявак на ўдзел у XVI Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці "Залатая пчолка", які пройдзе ў Клімавічах з 1 па 4 чэрвеня, паведамілі ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.
Сваё майстэрства могуць прадэманстраваць як індывідуальныя выканаўцы, так і творчыя калектывы. Узрост артыстаў ад 9 да 16 гадоў уключна. Конкурс будзе праводзіцца ў двух жанрах: "Вакальнае мастацтва" і "Харэаграфічнае мастацтва". Заяўкі прымаюцца да 31 сакавіка 2017 года.
Лаўрэаты папярэдніх конкурсаў фестываля "Залатая пчолка", якiя ўзнагароджаны Гран-пры, дыпломамі I, II, III ступені, могуць удзельнічаць толькі ў тым выпадку, калі перайшлі ў іншую намінацыю ці іншую ўзроставую групу.
Фестываль дзіцячай творчасці "Залатая пчолка" нарадзіўся на Клімавіцкай зямлі ў 1996 годзе, а ў 2001 годзе атрымаў статус міжнароднага, стаўшы адной з візітных картак Магілёўскай вобласці.