МІНСК, 28 лют — Sputnik. Гэты незвычайны праект, калі на выставу маглі прадставіць свае работы мастакі рознага ўзросту незалежна ад прафесійнай адукацыі, выклікаў вялікую цікавасць як аўтараў твораў, так і наведвальнікаў. Усяго ў галерэі было размешчана 661 карціна, а з 2 па 26 лютага яе ўбачылі амаль 4 тысячы гледачоў.
Тры апошнія дні студзеня гэтага года супрацоўнікі галерэі прымала па адной працы ад мастака ў парадку жывой чаргі. Мастакоў не абмяжоўвалі ў жанрах, адзінай умовай было, каб праца праходзіла ва ўваходныя дзверы.
Кожнай працы прысвойваўся парадкавы нумар. Наведвальнікі выставы выбіралі свайго фаварыта, паказаўшы нумар упадабанай працы. Вынікі галасавання гледачоў арганізатары праекта агучылі на закрыцці выставы 26 лютага.
Карціна непрафесійнага мастака "Зімовая раніца" Сяргея Трухана атрымала першае месца па выніках галасавання гледачоў. Пераможца атрымаў магчымасць арганізаваць двухтыднёвую персанальную выставу ў Доме карцін на працягу гэтага года.
Другое месца ў карціны Андрэя Сімончыка "Восень у Істлане", трэцяе — у працы "Сяргей" Вікторыі Савянковай. Практычна ўсе прадстаўленыя на выставе працы можна было набыць.
Падчас выставы многія карціны былі зарэзерваваны для продажу. Каталог работ неўзабаве будзе падрыхтаваны да публікацыі.
Арганізатары выставы "Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч" лічаць вопыт правядзення такога праекту вельмі паспяховым. Падобную выставу яны плануюць паўтарыць у наступным годзе.