"Звычайныя цуды" або гуканне вясны на "Млыне"

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяМірская кераміка Андрэя Герасімовіча
Мірская кераміка Андрэя Герасімовіча - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Ці ёсць у майстра пачуццё гумару, песіміст ён або аптыміст, ці шчодры, ці мае дзяцей або ўнукаў… Ды літаральна пра ўсё можна даведацца тут, на персанальнай выставе, бо кожны аўтар - як яблык на талерцы.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Адкуралесіла вясёлая Масленіца, пакінуўшы пасля сябе пах бліноў і добры настрой. Атрымала "падзарадку" на працяглы час і я, зазірнуўшы 24-26 лютага ў выставачны павільён НВЦ "БелЭкспа" на выставу-кірмаш "Млын", дзе "зіму замыкалі, вясну загукалі".

Ад першацветаў да лазы

Буйная выстава стала сапраўдным упрыгожаннем масленічнага тыдню ў Мінску. Па-вясноваму сонечная атмасфера лунала на кірмашы, праграма якога напрацягу кароткіх трох дзён была вельмі насычанай і прысвячалася жанчынам.
Тут можна было пабачыць калекцыі моднага аўтарскага адзення: "Family Look" (стварэнне сямейнага вобліку і паказ дзіцячага аўтарскага адзення "Першацвет") і "Цёплы горад" (дэвіз — "Лямец для цябе, для мяне, для ўсіх"). Дарэчы, апошнюю калекцыю прадставілі самі майстры і члены іх сямей.
Не пакінула раўнадушнымі наведвальнікаў выстава веснавых кампазіцый з першацветаў, створаных з прыродных матэрыялаў у эка-стылі.
Асабліва цікава было на майстар-класах, дзе майстры дзяліліся сваімі навыкамі ў стварэнні мастацкіх твораў сваімі рукамі.
Майстар-класы:
  • птушкі з фетру "Веснавы жаўрук" ад Наталлі Ванькевіч;
  • паштоўкі ў тэхніцы скрапбукінг ад Алены Аліневіч;
  • прэзентацыйны майстар-клас разьбы па дрэве ад народнага майстра Уладзіміра Чыквіна;
  • пляценне з лазы ад Аляксандра Самойленкі;
  • паштоўкі ў тэхніцы выцінанка ад Аніты Кіпрэй;
  • прэзентацыя па кераміцы на ганчарным крузе "Звычайныя цуды" ад Наталлі Сабіч;
  • роспіс брошкі ад Веранікі Маскевіч.
Дарэчы, акрамя вырабаў тут жа на выставе можна было набыць тавары для заняткаў рамёствамі.

Майстар на сваёй пляцоўцы быццам яблык на талерцы

А тым часам на гандлёвых пляцоўках было на што паглядзець.
Больш за 500 майстроў Беларусі падрыхтавалі па сапраўднаму вясновыя работы. Рукатворныя вырабы былі напоўнены цеплынёй, дабрынёй і шчодрасцю чалавечай душы.
Менавіта так патлумачыў розніцу паміж рамеснікам і майстром народны майстар Уладзімір Чыквін і заўважыў на гэты конт, што майстар робіць рэч з душой і пэўнай адметнасцю на кожным вырабе, а рамеснік робіць рэчы дасканала па адпрацаванай тэхналогіі на продаж. Вось такую рэч з адметнасцю займела на выставе і я.
У сеціве некалькі гадоў таму заўважыла цікавага майстра, разьбяра па дрэве Уладзіміра Чыквіна, які выкладаў свае адметныя па манеры выканання работы для прагляду. Пабачыўшы зграбна зробленыя лыжкі з надпісам "Смачна есці", падумала, што хачу мець такую ў сваёй калекцыі.
Праз аўтарскія рэчы бачны чалавечы характар, думкі майстра, яго эстэтычны густ, пачуццё гумару і шмат чаго іншага.
Тут немагчыма схавацца за рэчы, бо гэтыя рэчы не чужыя, а свае, майстар на сваёй пляцоўцы, быццам яблык на талерцы, бачны з усіх бакоў.
За тым я і прыйшла на кірмаш, каб пабачыць майстроў, пагаварыць пра іх творы, прыцаніцца і пры наяўнасці грошай штосьці прыдбаць для душы. А наяўных грошай якраз і не хапілала, бо шмат што захацелася набыць, а банкаматаў на выставе не было. Шмат хто з наведвальнікаў кірмаша, сутыкнуўшыся з такой праблемай, пайшоў адтуль ні з чым, або мусіў губляць час, шукаючы банкамат за межамі НВЦ "БелЭкспа". Было крыху крыўдна, бо ў наш век панавання пластыкавых картак гэта вялікая хіба для гандлёвага павільёна, у якім уваход для наведвальнікаў платны.

Млын як літоўскі Казюкас

І тым не менш пабачыць разам столькі майстроў, мастакоў, дызайнераў і іх творы з розных куткоў Беларусі было само па сабе падзеяй і веснавым падарункам.
На выставе-продажы былі шырока прадстаўлены дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, прадметы інтэр'ера, адзенне і аксесуары. Мілыя лялькі, смешныя лямцавыя цацкі, мудрагелістыя керамічныя пано, яркія карціны, вышыўка, дызайнерскія гадзіннікі, незвычайных форм і аздобы шкатулкі, пляценне з лазы, мастацкая коўка, бацік, чэканка, пэчворк, дэкупаж, скрапбукінг і інш.
Чамусці ўзгадаліся колішнія вандроўкі на Казюкас (падобны Млыну кірмаш у Вільнюсе), які там традыцыйна ладзяць у пачатку сакавіка. За савецкім часам гэты кірмаш, раскіданы па вузкіх вулачках старой Вільні, збіраў пакупнікоў з усяго Савецкага Саюза. На ім свае вырабы ў гэты дзень маглі прадаваць не толькі вопытныя майстры, але і бабулькі-аматаркі, студэнцкая моладзь.
Трапіўшы на Млын упершыню, міжволі параўнала яго з Казюкасам і падумала, што наш, беларускі не горш. Цяпер з нецярплівасцю буду чакаць чарговы "Млын". Не прапусціце гэту шыкоўную выставу ў наступным годзе і вы.
А пакуль вырабы майстроў, якія жывуць у Мінску, можна набываць у сувенірных крамах сталіцы. Сонечнага вам настрою, сябры, і да сустрэчы.
Стужка навiн
0