Дэкан гістфака БДУ пра беларускую інтэлігенцыю і асветніцкі рух

© Sputnik / Сергей ПушкинДэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі
Дэкан гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Каханоўскі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Сацыяльныя зрухі ў грамадстве напрыканцы ХІХ стагоддзя прывялі да стварэння ўмоваў фарміравання беларускай інтэлігенцыі.

Як гэта адбывалася, што падштурхнула беларускі рух наперад, карэспандэнт Sputnik даведаўся ў размове з дэканам Гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандрам Каханоўскім.

— Напрыканцы ХІХ стагоддзя на тэрыторыі Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя, калі не вялося адукацыі на роднай мове. Якія падставы абумовілі фарміраванне беларускай інтэлігенцыі?

— Гэтыя працэсы трэба разглядаць у агульным кантэксце сацыяльных змен на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў. Абуджэнне і актывізацыя нацыянальных груп інтэлігенцыі Беларусі: польскай, рускай, літоўскай і беларускай прыкладна супадаюць па часе.

Эмансіпацыя сялянства прывяла да того, што яно зразумела свае ўласныя інтарэсы. Аграрны крызіс прывёў не толькі да сацыяльнай актывізацыі насельніцтва, але і да культурнай. Па-першае, гэта зварот да адукацыі. Згодна з дадзенымі перапісу школ 1911 г. большая іх частка адкрывалася па ініцыятыве сельскай грамады. У людзей, якія за свае сродкі адкрывалі школы, з'явілася цікаўнасць да адукацыі.

Нават "Наша ніва" пісала, што напрацягу жыцця аднаго пакалення ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. спачатку маці плакалі, што дзяцей бяруць у школу, бо баяліся, што забяруць у салдаты, а потым плакалі, што дзяцей не бяруць у школы. Калі сялянства зразумела сваю цікаўнасць да адукацыі — гэта стаў магутны працэс.

Беларуская інтэлігенцыя прайшла складаны шлях уласнага станаўлення, акрэслення сваіх задач. Часцей за ўсё пад інтэлігенцыяй успрымалася сацыяльна-прафесійная група насельніцтва, якая вылучалася пэўным узроўнем адукацыі і прыналежнасцю да асоб пераважна разумовай працы. Часам межы і задачы інтэлігенцыі акрэсліваліся больш вузка: яна вызначалася як супольнасць носьбітаў вынікаў адукаванасці, культуры, грамадзянскай свядомасці ў народ, выканаўцаў культурна-гістарычнай і маральнай місіі.

Такім чынам, пад інтэлігенцыяй можа ўспрыймацца не толькі нейкая асобная група, але і людзі, якія ўзначальваюць працэсы і ўвасабляюць інтарэсы людзей.

Беларуская мова была роднай для значнай часткі інтэлігенцыі

© Sputnik / Сергей ПушкинКнігі Аляксандра Каханоўскага, прысвечаныя дадзенай тэматыцы
Книги Александра Кохановского - Sputnik Беларусь
Кнігі Аляксандра Каханоўскага, прысвечаныя дадзенай тэматыцы

— Што падштурхоўвала людей, якія атрымалі адукацыю, вызначаць сябе як прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі?

— З'яўленне інтэлігенцыі — гэта прыкмета сацыяльных зменаў, сацыяльнай мабільнасці, магчымасці сябе рэалізаваць і атрымаць адукацыю. Больш складанае пытанне — утварэнне нацыянальнай інтэлігенцыі. Калі звярнуцца да дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года, то сярод прадстаўнікоў "вольных прафесіяў", каго мы адносім звычайна да інтэлігенцыі, толькі прыкладна чацвертая частка называла сваёй роднай мовай беларускую, але ж называлі.

Гэты працэс абсалютна аб'ектыўны і звязаны са станаўленнем нацыянальнага самаўсведамлення.

Вёска ў тыя часы не ўспрымала людзей, якія атрымалі адукацыю, як казалі, "выйшлі ў людзі", але спрабавалі аднесці сябе да "панскага" асяродку, з іх натуральна кпілі.

Колькасць людзей, якія напрыканцы ХІХ стагоддзя прымыкалі да асяродку беларускай інтэлігенцыі, актыўна пашыралася.

Адукацыя ў Расійская імперыі была манапалявана дзяржавай. У гэтых умовах беларуская мова не разглядалася, як мова навучання. Цікава, што напярэдадні паўстання 1863 года былі спробы ўвесці беларускую мову для вясковых школ. Гэта быў праект, які быў прызваны зменшыць уплыў польскамоўнага асяродка. Але ва ўрадавых чыноўнікаў не было агульнага бачання гэтага пытання.

Пасля падаўлення паўстання праект быў згорнуты, і да яго больш не вярталіся.

Беларускае грамадства было ў агульным кантэксце тых сацыяльна-эканамічных зменаў, якія адбываліся па ўсёй краіне. Інтэлігенцыя лічыла сваім абавязкам праводзіць асветніцкую дзейнасць. У першых радах іх былі беларускія "народнікі".

Нацыянальнае самаўсведамленне беларускай інтэлігенцыі — гэта вельмі складаны працэс. Нажаль, ён цалкам не вывучаны. Якім чынам адбываліся гэтыя працэсы? Якім чынам тры родныя браты Іваноўскія сталі прадстаўнікамі польскай, беларускай і літоўскай інтэлігенцыі? Адна сям'я, адна кроў…

Першым быў "Гоман"

© Photo : Старинный Санкт-ПетербургБудынак Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта
Будынак Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта - Sputnik Беларусь
Будынак Санкт-Пецярбурскага ўніверсітэта

— Адкуль пачаўся працэс утварэння беларускай інтэгенцыі, што стала штуршком?

— Абсалютна ўнікальнай з'явай, звязанай з дзейнасцю беларускіх студэнтаў, стаў "Гоман". Сярод студэнтаў у Пецярбургу былі папулярныя народніцкія ідэі і зразумела, што далёка ад родный зямлі ў іх праяўляліся настальгічныя настроі. Унікальнасць суполкі "Гоман" у тым, што яны першымі заявілі аб самастойных задачах беларускага нацыянальнага руху. "Лісты аб Беларусі" падпісаныя Данілай Баравіком, "Пасланне да землякоў-беларусаў", падпісанае "Шчырым Беларусам", у іх выразна акрэслены задачы, якія стаяць перад беларускай інтэлігенцыяй.

Гэта, перш за ўсё, культурна асветніцкая задача, каб даць магчымасць народу зразумець, хто яны ёсць.

Нацыянальнае самаўсведамленне прадстаўніцкоў беларускай інтэлігенцыі праходзіла складанымі шляхамі. Калі глядзець тыя нататкі і ўспаміны, што надрукаваны ў "Нашай ніве", то можна ўбачыць, што яны часам усведамлялі сябе беларусамі воляю абставін і лёсу.

Сярод інтэлігенццыі быў папулярным зварот да народнай творчасці і культуры, што ў ХІХ стагоддзі быў увогуле агульнаславянскім трэндам. Беларускую вусную народную творчасць вывучалі многія даследчыкі абсалютна незалежна ад нацыянальна-палітычных поглядаў. Гэта маглі быць асобы, якія не адыхозілі ад вернаподданіцкіх пазіцыяў, як Павел Шэйн ці Іван Насовіч. Але народнай спадчынай вельмі актыўна цікавіліся і заснавальнікі Беларускай сацыялістычнай грамады браты Луцкевічы, Карусь Каганец і іншыя.

Дробная шляхта і сялянства

© Sputnik / Анатолий Гаранин / Перайсці ў медыябанкЯнка Купала і Якуб Колас
Янка Купала і Якуб Колас - Sputnik Беларусь
Янка Купала і Якуб Колас

— Ці можам мы зараз "намаляваць" тыповы партрэт беларускага інтэлігента?

— Тыповая беларуская інтэлігенцыя таго часу — гэта моладзь. Антон і Іван Луцкевічы, якія стваралі "Нашу ніву", былі маладымі людзьмі ў той час. Пры гэтым большасць складалі дробная шляхта і выхадцы з сялян. Як прыклад, Янка Купала па паходжанні — шляхціц, а Якуб Колас — селянін. Інтэлігенцыя з'яўляецца як запыт грамадства на тых, хто будзе весці яго наперад.

Калі адбываўся працэс станаўлення беларускай інтэлігенцыі ў ім прымалі ўдзел не толькі беларусы. Часам прадстаўнікі яўрэйскай і літоўскай інтэлігенцыі дапамагалі беларускай. Некаторыя з іх, напрыклад, выдавалі беларускія кнігі.

Як вылучыць паслядоўнасць станаўлення беларускага руху?

— Справу, якую пачалі Кастусь Каліноўскі і "гоманаўцы", потым падхапілі беларускія сацыялістычныя групы. Перш за ўсё, гэта была Беларуская сацыялістычная Грамада.

Трэба разумець, што беларускі рух меў і свае ўласцівасці. Напрыклад, пад час рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў Беларуская сацыялістычная Грамада была адной з нямногіх палітычных партый у Расійскай імперыі з ліку нацыянальных, якая не ставіла перад сабой задачу нацыянальна-дзяржаўнай незалежнасці.

БСГ больш актуалізавала сацыяльныя пытанні, хаця пры гэтым заставалася беларускай партыяй.

— Атрымліваецца, што ўсе пытанні звязаныя з беларускай інтэлігенцыяй так ці інакш звязаны з прыватнай ініцыятывай?

— Дзяржава ў пытаннях актывізацыі нацыянальна-культурнага адраджэння не ўдзельнічала. Прыватная ініцыятыва мела дачынне не толькі да інтэлігенцыі, але да многіх сфераў, нават навуковай дзейнасці, культурна-асветніцкіх мерапрымстваў, а таксама тэатральнага і музычнага жыцця.

Беларускія губерні нават у гэтым пытанні вылучаліся на агульнадзяржаўным узроўні тым, што адукацыйных установаў адкрывалася больш, а сродкаў дзяржаўных выдаткоўвалася менш, чым у іншых регіёнах Расійскай імперыі. Гэта значыць пераважала прыватная ініцыятыва.

У той час фарміраваліся ў вялікай колькасці культурныя асяродкі, у якіх гуртаваліся тыя, каго можна назваць інтэлектуальнай элітай. З'яўляюцца таварыствы, аб'яднанні, "беларускія вечарынкі", якія рабілі аматарскія прадстаўленні, прысвечаныя беларускай культуры.

"Наша ніва" — гэта штаб

© Sputnik / Виктор ТолочкоФаксімільнае выданне "Нашай нівы"
Факсімільнае выданне Нашай нівы - Sputnik Беларусь
Факсімільнае выданне "Нашай нівы"

Па прыватнай ініцыятыве прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі ствараецца ў гэты час "Наша ніва" — газета, якая стала штабам, вакол якога гуртаваліся беларускія калектывы: музычныя, тэатральныя, выдавецкія ініцыятывы.

Рэдакцыя "Нашай нівы" стала тым месцам, куды прыходзілі людзі. Было дастаткова карэспандэнтаў, якія пісалі з розных мясцовасцяў Беларусі. Калі пагартаць "Нашу ніву", то можна заўважыць, што там шырока прадстаўлены розныя аспекты жыцця.

Пісалі пра станоўчыя і адмоўныя моманты сацыяльнага жыцця і, зразумела, пра тое, што цікавіла сялянства, пра самае актуальнае для яго зямельнае пытанне. Часам газета давала адказы на пытанні, якія былі цікавымі для многіх.

Вядомы беларускі даследчык Алег Лойка ў сваім рамане-эсэ, прысвечаным Янку Купалу, "Як агонь, як вада" паспрабаваў паказаць тую атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі.

Людзі, якія стваралі "Нашу ніву" былі пераважна сацыялістычных перакананняў, але маглі быць прадстаўнікамі іншых палітычных поглядаў. Аднак рэдакцыю яднала беларускае пытанне. Пра гэта пазней пісаў і Цішка Гартны. Ён паказваў, што не было палітычнага адзінства, але аб'ядноўваў беларускі культурна-асветніцкі рух.

Беларускі рух практычна ніколі не быў радыкальным. Тое, што магло праяўляцца ў нашых суседзяў, рэдка адбывалася ў нас і не было ўласціва беларусам.

Стужка навiн
0