МІНСК, 3 сак — Sputnik. Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Белгазпрамбанк прэзентавалі Мінжнародны выставачны праект "Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам".
Па словах кіраўніка Белгазпрамбанка Віктара Бабарыкі, "2017 год звязаны з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання і Францыскам Скарынай. Мы не маглі не адгукнуцца на гэтыя падзеі і набылі "Малую падарожную кніжку". Францыск Скарына зрабіў свой унёсак не толькі ў славянскую культуру, але і ў агульнаеўрапейскую. Мы вырашылі са сваімі праектам прайсці шляхам Скарыны".
Віктар Бабарыка сказаў, што для гэтага і быў створаны праект "Шляхамі Скарыны". Свой старт праект возьме ў Вільнюсе і пройдзе па гарадах, з якімі звязана жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара.
Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што з набыццём Белгазпрамбанкам выдання Францыска Скарыны Беларусь паднялася на трэццяе месца сярод краін, якія захоўваюць спадчыну асветніка.
Па яго словах, больш за ўсё выданняў, а гэта каля 300 асобнікаў, знаходзяцца ў Расіі, 47 ва Украіне, а ўсяго ў свеце іх каля 520.
Віктар Бабарыка распавёў, што асобнік "Малой падарожнай кніжкі" ўжо аблічбаваны і хутка будзе выкладзены ў адкрыты доступ. Акрамя дадзенага выдання ў рамках праекта будзе выстаўляцца і кніга з фонду Нацыянальнай бібліятэкі — "Кніга Іова", якую Францыск Скарына выдаў у 1517 годзе ў Празе. У Кракаве, Вільнюсе, Празе і Падуе мясцовыя партнёры праекту будуць самі вызначаць, што будзе экспанавацца разам з кнігамі Скарыны.
Кіраўнік Белгазпрамбанка распавёў, што за знаходкай "Малой падарожнай кніжкі" стаіць сапраўдная дэтэктыўная гісторыя, якая цягнулася не адзін год. Кніга знаходзілася ў Маскве, і паспяхова скончыць перамовы аб яе набыцці дапамагло тое, што ўладальнік паходзіў з Беларусі, і юбілей першадрукара схіліў яго да таго, што кніга павінна вярнуцца на радзіму.