МІНСК, 9 сак — Sputnik. Цёплае, але туманнае і дажджлівае надвор'е абяцаюць сіноптыкі на чацвер, на рэках ідзе актыўнае раставанне лёду, паведамілі ў Гідрамеце.
"У чацвер будзе воблачна з праясненнямі. У асноўным у паўночна-заходніх і цэнтральных раёнах краіны пройдуць дажджы, вецер будзе паўднёва-ўсходні, умераны", — паведамілі ў чацвер у Гідрамеце.
Па словах сіноптыкаў, удзень у чацвер будзе +7..+12°C, у паўднёвых раёнах — да +14°C, а ў крайніх паўночна-заходніх чакаецца да +4..+6°C.
Сіноптыкі таксама папярэдзілі, што ва ўмовах цёплага надвор'я на рэках і вадаёмах працягваецца актыўнае разбурэнне ледзянога покрыва. Выхад на лёд зараз небяспечны, бо ў ледзяным покрыве ёсць прамоіны, месцамі лёд пацямнеў і хутка растае.