МІНСК, 13 сак — Sputnik. Мінская дзіцячая хакейная каманда "грыфонаў", у якой гуляе сын прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка, у малодшай групе выйграла рэспубліканскія спаборніцтвы "Залатая шайба".
Перамогу "Грыфоны" атрымалі ў групе гульцоў 2004 — 2005 гадоў нараджэння: у фінале, які прайшоў у нядзелю 12 сакавіка на "Чыжоўка-Арэне", дружына Цэнтральнага раёна Мінска адолела сталічных "Мядзведзяў" (Маскоўскі раён) — 6:2.
У матчы хет-трык у вароты суперніка аформіў нападаючы "Грыфонаў" Мікалай Лукашэнка. Пры гэтым малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі не ўвайшоў у лік лепшых гульцоў фінальнай часткі "Залатой шайбы", аднак быў названы ў складзе сімвалічнай пяцёркі спаборніцтваў.
Кубак і медалі пераможцам уручылі міністр адукацыі Ігар Карпенка і кіраўнік Мінспорту Аляксандр Шамко.
Для "Грыфонаў" гэта другая запар перамога ў "Залатой шайбе".