МІНСК, 15 сак — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з Днём канстытуцыі, паведамілі Sputnik у сераду ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Канстытуцыя Беларусі была прынята 23 гады таму — 15 сакавіка 1994 года.
"Дзеючы Асноўны закон вызначыў прынцыпы суверэнітэту краіны, стаў ядром усёй прававой сістэмы і трывалым фундаментам для пабудовы сацыяльнай дзяржавы", — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што захаванне нормаў, закладзеных у Канстытуцыі, з'яўляецца гарантам стабільнасці і дабрабыту ў грамадстве, забеспячэння годных умоваў жыцця грамадзянам.
"Сёння мы можам з упэўненасцю глядзець у будучыню, разумеючы, што наша зладжаная праца, згуртаванасць і стваральная энергія прадвызначаюць далейшае развіццё і паступальны рух Айчыны да росквіту", — падкрэсліў прэзідэнт.