МІНСК, 18 сак — Sputnik. У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь 21 сакавіка адбудзецца прэзентацыя адрэстаўраванага твора вядомага мінскага жывапісца першай паловы XIX стагоддзя, прадстаўніка "віленскага класіцызму" Яна Дамеля "Маленне аб чашы" (1830-я).
Паводле слоў арганізатараў, мерапрыемства пройдзе ў рамках святкавання 950-годдзя заснавання Мінска.
"Манументальнае палатно трапіла ў музей у надзвычай пашкоджаным стане і набыло другое жыццё, дзякуючы намаганням групы рэстаўратараў музея пад кіраўніцтвам А. С. Лагуновіча-Чарапко", — распавялі ў музеі.
Нагадаем, Ян Дамель працаваў пераважна як майстар рэлігійнага жывапісу, яго творам уласцівы рэалістычна-рамантычнае адлюстраванне рэчаіснасці і дакладны псіхалагізм.
Значную частку ў творчай спадчыне майстра складалі таксама работы гістарычнага жанру і шматлікія партрэты прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі.
"Маленне аб чашы" ("Хрыстос у Гефсіманскім садзе") — адзін з лепшых твораў мастака, які знаходзіўся ў крыпце касцёла на Кальварыйскіх могілках у Мінску, дзе быў пахаваны мастак.