Праз два месяцы пройдзе 57-ая Венецыянская біенале — адзін з самых значных форумаў сучаснага мастацтва. Беларусь на выставе прадставяць мастак Раман Заслонаў, прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў.
Канцэпцыю беларускага павільёна на 57-й Венецыянскай біенале сучаснага мастацтва зацвердзіла ў лютым спецыяльнае журы, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў, Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і шэраг іншых арганізацый.
Карэспандэнт Sputnik Яўген Казарцаў сустрэўся з Заслонавым і Лабковічам, каб даведацца — чым жа паспрабуе здзівіць Беларусь спрактыкаваных гасцей біенале.
Павільён — каля садоў Джардзіні
"Стол" — праект маёй інтэлектуальнай працы ўжо на працягу некалькіх гадоў, прычым апошнія паўтара года са мной над ім працуюць прадзюсар Віктар Лабковіч і рэжысёр Сяргей Талыбаў", — распавёў Заслонаў.
Як прызнаўся мастак, пасля зацвярджэння Мінкультам праект трохі змяніўся, хоць і не канцэптуальна.
"Гэта звязана з тым павільёнам, дзе мы будзем выстаўляцца ў Венецыі. Вядома, асноўны элемент — відэа — ніяк не змяніўся, проста памяняліся ўмовы экспанавання і падачы", — растлумачыў ён.
Як нагадаў Лабковіч, у Беларусі свайго павільёна няма, таму для ўдзелу ў экспазіцыі даводзіцца арандаваць плошчу.
"За два дні мы павінны былі прагледзіць дзвесце варыянтаў, з якіх выбралі два павільёна. У выніку спыніліся на тым, што крыху даражэй, затое размешчаны каля садоў Джардзіні, у якіх і адбываюцца асноўныя дзеянні ў рамках біенале. Памяшканне — класічная еўрапейская мастацкая галерэя з зусім невялікай плошчай, дзе нам трэба будзе зрабіць нешта прывабнае і годнае. Там две залы: у першай — будзе праекцыя відэа, а ў другой — інсталяцыя. Усяго мы раскрываць не будзем — няхай будзе інтрыга", — распавёў суразмоўца Sputnik.
Беларускае відэа на біенале
Відэа доўжыцца 32 хвіліны. На экране з'яўляецца вялікая колькасць вядомых беларускіх артыстаў, а таксама простыя людзі і мастакі.
"Само відэа — бясконцы "стол", дзе адбываюцца розныя падзеі. Бывае і трывіяльнае са сталом, і іншае — можна ўкласці шмат сэнсаў і метафар. І сам "стол" у нас ужываецца як сімвал", — адзначыў мастак Заслонаў.
Паводле яго слоў, відэа-арт значна адрозніваецца ад кіно.
"У кіно калі чалавек сыходзіць з сярэдзіны фільма — значыць, яму вельмі моцна не спадабалася. А прагляд на выставах мае на ўвазе пастаяннае абнаўленне гледачоў. Хтосьці можа паглядзець усяго хвіліну, хтосьці — некалькі разоў запар. Мы спадзяемся, што гэта будзе кранаць людзей. Мы ўжо апрабавалі відэа на вядомых еўрапейскіх куратарах і мастаках, на некалькіх гледачах — ва ўсіх узнікае жаданне даведацца, што ж будзе далей", — дадаў суразмоўца Sputnik.
Час на падрыхтоўку
На думку стваральнікаў "Стала", Мінкульт аддаў ім перавагу ў тым ліку і таму, што іх праект да моманту прыняцця рашэння ўжо быў гатовы.
"Наш праект таму і быў прывабны для Мінкультуры, таму што ён ужо існаваў. Бо той час, які адводзяць на падрыхтоўку павільёна… Вось 1 лютага прадстаўлялі канцэпцыю, а заставалася да адкрыцця біенале тры месяцы. Падобныя праекты за тры месяцы не робяцца", — сказаў Заслонаў.
Да прыкладу, Францыя абрала канцэпцыю свайго павільёна больш за год таму. Год асэнсоўвала і працавала над праектам. Беларуская каманда ж свой праект стварала за ўласныя грошы. Прычым свой "Стол" яны стваралі не спецыяльна для біенале — ідэя нарадзілася сама па сабе, а затым ужо з'явіліся спосабы яе прадэманстраваць.
"Мы думалі пра праект не як пра нешта для біенале, хоць любы твор мастацтва трэба паказваць. Чым больш людзей убачаць яго — тым лепш. Раней падавалі праект на фестываль у Канаду і прайшлі папярэдні адбор, але потым "склалі" ўсё разам і зразумелі, што гэта для чагосьці большага, чым проста фестываль. Вырашылі тады і падаваць на такую вялікую выставу", — распавёў Лабковіч.
Міністэрства культуры, як адзначылі суразмоўцы Sputnik, не ўмешваецца ў працэс падрыхтоўкі, а, наадварот, усяляк дапамагае. Выдзеленыя дзяржавай грошы, у прыватнасці, пойдуць на арэнду павільёна, плакаты і каталогі.
"Міністэрства культуры пакрывае асноўную частку выдаткаў, але шукаем і спонсарскія грошы — укласціся цалкам у выдаткаваны бюджэт мы не можам. Міністэрства прадастаўляе 50 тысяч еўра на ўдзел у біенале", — прызнаўся Лабковіч.
Беларускія гледачы і планы
Заслонаў нагадаў, што Беларусь удзельнічае ў біенале ў пяты раз. Каманда не хавае хвалявання, але пры гэтым настойвае — прысутнічаць на форумах такога ўзроўню прынцыпова важна.
"Калі краіна ўдзельнічае ў такога ўзроўню мерапрыемствах — значыць, яна існуе, і пра гэта людзі ведаюць ва ўсім свеце. Для нас галоўнае — каб пра краіну казалі, прызнавалі яе цікавай. Проста ўдзел любога беларускага мастака або музыканта ў любым музычным форуме — велізарны плюс для краіны", — адзначыў мастак.
У Мінску "Стол" куратары абяцаюць паказаць пасля біенале — як яны прызналіся, менавіта беларускі глядач для іх самы важны і запатрабаваны, і яны абавязкова пакажуць праект суайчыннікам.
Венецыянская біенале пройдзе з 13 траўня па 26 лістапада, беларускі павільён афіцыйна адкрыецца 11 траўня.