МІНСК, 23 сак — Sputnik. Супрацоўнікі навуковага аддзела 19 сакавіка, праводзячы маніторынг і вывучэнне міграцыі водна-балотных відаў птушак, заўважылі дзве асобіны белашчокай казаркі, пра гэта паведамляецца на сайце Белавежскай пушчы.
Спецыялісты ўдакладняюць, што "белашчокая казарка ў Беларусі мае статус "вельмі рэдкі падчас транзітных міграцый від".
Да гэтага белашчокая казарка ў Белавежскай пушчы рэгістравалася толькі аднойчы — вясной 2006 года.
Гняздуецца белашчокая казарка на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Грэнландыі, астравах Шпіцберген, Вайгач і Новая Зямля, насяляе ўзбярэжжы Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Ісландыі. Белашчокія казаркі, якія гняздуюць у Расіі, утвараюць адасобленую ўсходнееўрапейскую папуляцыю.