МІНСК, 29 сак — Sputnik. Беларусы лідзіруюць па цікавасці да квіткоў на "Еўрабачанне-2017" і іх куплі, паведаміў намеснік кіраўніка Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Рэзнікаў.
"Еўрабачанне-2017" адбудзецца ў Кіеве 9-13 траўня. Беларусь на конкурсе прадставіць дуэт Naviband з песняй на беларускай мове "Гісторыя майго жыцця". Квіткі на шоу ўжо прадаюцца.
"Сярод замежных дзяржаў па цікавасці да квіткоў, па заходам на сайты, па іх куплі лідзіруюць Вялікабрытанія, Германія, Беларусь. Вядома ж, ёсць цікавасць ад усіх краін — удзельніц "Еўрабачання": Польшчы, Іспаніі, Расіі, Ізраіля, Швецыі, Францыі і т.п. Дарэчы, нават жыхары ЗША праяўляюць цікавасць да квіткоў", — распавёў Рэзнікаў, яго словы прыводзіць РІА "Новости".
Па падліках, на працягу двух тыдняў траўня Кіеў наведаюць каля 20 тысяч замежных турыстаў і каля 60 тысяч украінцаў.
Браніраванне шэрагу гасцініц у Кіеве на час правядзення конкурсу ўжо прыпынілі: месцы скончыліся. Многія гатэлі таксама прыкметна паднялі кошт пражывання.
У "Еўрабачанні-2017" возьмуць удзел прадстаўнікі 43 краін свету. Сярод лідэраў шоу гэтага года букмекеры называюць Італію, Швецыю і Балгарыю.