Выйшла чарговая серыя праекта Vershy. Удзельнiкi гурта "Разбiтае Сэрца Пацана" Павал Гараднiцкi i Дзянiс Тарасенка чытаюць верш Анатоля Сыса "Я зжэр бы свой народ".
Я зжэр бы свой народ…
Я зжэр бы свой народ,
бы зерне ў недарод,
і, як віном,
сваёй крывёй запіў бы.
На Захад ды на Ўсход
жыве чужы народ —
скарміў бы іх арлам
свае ваніты,
вярнуўся б да Зямлі,
бы ядам да змяі,
вярнуўся б да адзінае жанчыны,
прамовіў бы: каб нам
не біць паклон арлам —
Айчыне трэба новыя мужчыны!
Таму і зжэр народ,
бы зерне ў недарод,
бо згаладаўся я
без долі й волі.
Растаў Харонаў лёд,
пярэйдзем Сцікс уброд,
зачнем, Айчына, сына ў чыстым полі.