МІНСК, 30 сак — Sputnik. Аб'яўлены конкурс "Belarus ICT Start-up Award". Мерапрыемства ставіць перад сабою мэту даць магчымасць для атрымання інвестыцый і фінансавання прадпрымальнікам на ранняй стадыі развіцця бізнэса.
Паводле паведамлення арганізатараў, конкурс праводзіцца ў рамках XXIV Міжнароднага спецыялізаванага форуму па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях "ТІБО-2017". Фінал конкурсу — "Дзень інвестара" адбудзецца 20 красавіка ў Мінску.
Да ўдзелу запрашаюцца стартапы, інвестары і спецыялісты ў розных галінах і напрамках прадпрымальніцкай дзейнасці.
Конкурс стартап-праектаў "Belarus ICT Start-up Award" праводзіцца ў тры этапы:
- адборачны тур;
- курс трэнінгаў для падрыхтоўкі да фінальнага мерапрыемства "Дзень інвестара";
- прэзентацыя праектаў перад інвестарамі ў рамках "Дня інвестара".
На Дзень інвестара ўдзельнікаў чакаюць прэзентацыі стартапаў, кансультацыі з экспертамі-прадпрымальнікамі, майстар-класы па прыцягненні інвестыцый і фінансавання, прызы і шмат нэтворкінгу.
Прыём заявак на ўдзел у конкурсе доўжыцца да 10 красавіка, для гэтага патрэбна абавязковая рэгістрацыя па спасылцы.
Удзельнікі, якія прайшлі папярэдні адбор, будуць праінфармаваныя пра гэта не пазней за 12 красавіка 2017.