МІНСК, 30 сак — Sputnik. Калі прырода не надумае жартаваць 1 красаівка і парадуе абяцаным цёплым надвор'ем, то ідэальным баўленнем часу на выхадных стануць пешыя, веласіпедныя або шашлычныя (каму што бліжэй) вылазкі.
Калі ж душа ўсё ж такі просіць нейкіх больш вострых уражанняў, то ў арсенале застаюцца кіно, канцэрты і разнастайныя відовішчныя забавы.
"Прывід у даспехах"
На тыдні ў пракат выйшла фантастычная стужка Руперта Сандэрса "Прывід ў даспехах". Гэта фантазія на тэму адной з галоўных фобій сучаснага чалавека: тэхналогіі наступаюць. У Сандэрса кібертэхналогіі падпарадкавалі сабе ўсе сферы жыцця, у віртуальную прастору зрушыліся і злачынцы. Галоўная інтрыга фільма — ці зможа кібарг — кіраўнік элітнага падраздзялення паліцыі злавіць магутнага хакера. Дзеля таго, каб даведацца пра адказ, а таксама палюбавацца красуняй Скарлет Ёхансан, якая выконвае адну з галоўных роляў, уласна і можна схадзіць на "Прывід у даспехах".
Бі-2 на "Мінск-Арэне"
Новую канцэртную праграму "THE BEST OF" выхадцы з беларускага Бабруйска "Бі-2" прэзентавалі мінулай восенню. Праехалі турам па Расіі, і ў гэтую нядзелю гатовыя сыграць для мінскай публікі.
Арганізатары анансуюць, што са сцэны "Мінск-Арэны" прагучаць больш за дваццаць хітоў, створаных за ўсю гісторыю існавання гурта. Прычым некаторыя з кампазіцый не гучалі са сцэны больш за 10 гадоў…
Дзе: "Мінск-Арэна".
Калі: 2 красавіка ў 19:00.
Кошт квіткоў — ад 50 рублёў.
Вясновы "Спеўны сход"
Сабрацца ў добрай кампаніі і паспяваць у радасць і з сэнсам — такую магчымасць прапануюць арганізатары "Спеўнага сходу" ў нядзелю. Ідэя такіх вечарын у тым, каб людзі сустракаліся і знаёміліся, а заадно спявалі беларускія песні.
У праграме "сходу" выступ фальклорнага гурту з Полацку "Варган". Полацкія музыканты прадставяць праграму народных песень Віцебшчыны. Акрамя таго, запланаваны некалькі майстар-класаў, а таксама знаёмства з народнымі вясновымі песнямі і сумесныя спевы.
Дзе: кафэ "Грай".
Калі: у нядзелю ў 18:00.
Уваход вольны.
Інфармацыйна-дабрачынныя канцэрты і майстар-класы
2 красавіка ў свеце адзначаецца Дзень распаўсюджвання інфармацыі аб праблеме аўтызму. З гэтай нагоды ў нядзелю ў шэрагу гандлёвых цэнтраў Мінска запланаваны вялікія інфармацыйна-пазнавальна-забаўляльныя мерапрыемствы. Будуць і майстар-класы для дзяцей, і вялікія танцавальныя флэшмобы, і музычныя сэты ад беларускіх артыстаў.
У ГЦ "Замак", да прыкладу, у 15:30 будуць спяваць "Лепрыконсы", у ТЗЦ "Galleria Minsk" — Георгій Калдун, а ў "Сталіцы" ў гэты ж час — гурт Kiwi Band.
Акрамя забаўляльнага складніка ў праграму акцыі ўключаны выступленні кіраўнікоў аб'яднання "Дзеці. Аўтызм. Бацькі", Мінгарвыканкама і ЮНІСЕФ.
Дзе: гандлёвыя цэнтры Мінска "Замак", "Сталіца", "Galleria Minsk" і ARENAcity.
Калі: у нядзелю з 14:00.
Уваход вольны.
Рок-барахолка
Самая дзіўная, як яе пазіцыянуюць арганізатары, барахолка для меламанаў, моднікаў, рамантыкаў і дэкадэнтаў адбудзецца ў культурным цэнтры "Корпус" у нядзелю. Можна будзе падарыць, знайсці, абмяняцца і купіць карысныя і бескарысныя рэчы, у тым ліку вопратку, аксэсуары і прадметы дэкору. Акрамя гэтага, можна будзе нясумна правесці час за гульнямі ў настолкі з Домам Фішэра і зносінамі за кубачкам кавы, паглядзець нямое кіно.
Дзе: культурны цэнтр "Корпус".
Калі: у нядзелю з 14:00.
Уваход вольны.