Ужо чвэрць стагоддзя гурт "Палац" вядомы слухачам Беларусі і замежжа сваімі неверагоднымі, аўтарскімі спалучэннямі фолька з сучаснымі музычнымі кірункамі. Як лідэр калектыву ставіцца за 25-гадовай мяжы ў асабістай і калектыўнай творчасці, Алег Хаменка распавёў на радыё Sputnik Беларусь.
"Гурт, які спадзяецца на тое, што ён неяк паўплывае ці створыць нешта такое, чым можна падзяліцца з людзьмі, ён павінен разлічваць не менш, чым на гэты тэрмін. Інакш гэта твор шоу-бізнеса, і, канешне, такія праекты могуць існаваць паўгода, год, і гэта нармальна. А калі ўжо ёсць ідэя і мысленне, ёсць генерацыя, то тады любы гурт, які зараз ствараецца, павінен спадзявацца, што ён столькі гадоў выцягне", — адзначыў Хаменка.
Па словах суразмоўцы, калі ў музычнага калектыва ёсць нейкі падмурак, тады і трэба спадзявацца, што значную частку свайго творчага жыцця гурт будзе на гэтай ніве дбаць, і не трэба хвалявацца, што вобразы не мяняюцца, і гурт зараз не ў модным трэндзе, бо гэта ўжо зусім іншая размова, ад тэмы культуры пераходзіць у так званы шоў-бізнэс.
4 красавіка ў Мінску гурт "Палац" прадставіць аматарам юбілейную праграму, і Алег Хаменка адзначыў, што і сам дакладна ня ведае пра ўсе сюрпрызы, якія ў гэты вечар чакаюць слухачоў.
"Пляцоўку абралі не канцэртную, а клубна-рэстаранную, і, пэўна, гэта правільна. Бо ўсе б прыйшлі і сядзелі з кветкамі. А з іншага боку, заклікаць моладзь, каб яна стаяла і махала далонямі, таксама нешта не тое. Павінна быць нешта лёгкае і пры гэтым густоўнае, вось гэтага фармата хацелася", — адзначыў Хаменка.
Таксама суразмоўца Sputnik распавёў і пра далейшае творчае жыццё калектыву і, у прыватнасці, пра супрацоўніцтва з тэатральнымі пляцоўкамі.
"Колькі планаў не рабіў, яны заўсёды выходзяць іншымі, але ж, канешне, і планы ёсць, і перамовы ёсць. Вельмі хацелі б больш шчыльна заняцца ідэяй напісання музыкі да тэатральнай пастаноўкі. Адна з маіх улюбёных беларускіх казак "Салдат-доктар", вельмі хочам, каб гэта быў тэатральны спектакль, каб стварыць да яго суцэльную аўтарскую музыку", — падзяліўся планамі Хаменка.
Таксама ўдзельнікі гурта вельмі спадзяюцца на тое, што ў гэтым годзе распачнецца ідэя Траецкага фэсту, якая з'явілася ў "Палаца" яшчэ год таму.
Поўную версію размовы з лідэрам гурта "Палац" Алегам Хаменкам напярэдадні юбілейнага канцэрта калектыву слухайце на радыё Sputnik Беларусь.