МІНСК, 3 кра — Sputnik. Спрэчныя пытанні прэзідэнты Расіі і Беларусі абмяркуюць у фармаце "сам-насам", паведаміў журналістам прэс-сакратар кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў.
Беларускі лідэр у панядзелак накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе запланавана яго сустрэча з расійскім калегам — Уладзімірам Пуціным. Борт нумар адзін прэзідэнта Беларусі ўжо прызямліўся ў аэрапорце Пулкава. Як чакаецца, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў пройдзе ў Канстанцінаўскім палацы.
"Перамовы чаканыя, гэта будзе сустрэча сам-насам", — заявіў Пяскоў.
Паводле яго слоў, пры неабходнасці з абодвух бакоў будуць прысутнічаць міністры па профільных пытаннях. "Будуць абмеркаваны бягучыя моманты двухбаковых адносін, гандлёва-эканамічных, ну і, вядома, розныя спрэчныя пытанні, звязаныя і з цаной на газ, і з запазычанасцю, і гэтак далей", — удакладніў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі.
Ён ахарактарызаваў перамовы, якія маюць адбыцца паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, як "дастаткова сур'ёзныя і дэталёвыя".