МІНСК, 5 кра — Sputnik. На краўдфандынгавай пляцоўцы Алесь Белы, блогер, вядомы пад псеўданімам "Кухмiстр Верашчака", запусціў праект па выданню кнігі "Сакатала бочачка".
Паводле словаў аўтара, плануецца выданне кнігі ў выглядзе зборніка займальных гістарычных нарысаў, прысвечаных самым знакавым алкагольным напоям нашай краіны, амаль цалкам забытым, пакінутым у мінулым.
Назва кнігі паходзіць ад беларускай народнай песні, у якой маладую дзяўчыну жартаўліва, але вельмі лірычна параўноўвалі з бочкай піва, якая нудзіцца ў піўніцы, імкнучыся "разліцца" і здаволіць смагу таго, каму прызначаная:
Сакатала бочачка,
У піўніцы стоячы:
— Калі мяне не вып'еце,
Я сама разліюся
Па дварэ расіцаю,
За варота крыніцаю.
Гаварыла дочачка
Сваёй роднай мамачцы:
— Калі мяне не аддасцё,
Я ад вас сама пайду
Па двары мяцёлкаю,
Да мілога пчолкаю,
Па дварэ расіцаю,
Да мілога сініцаю.
Алесь Белы адзначае, што "ў кнізе сабраны ўнікальныя звесткі, на якія ніхто раней не звяртаў пільнай увагі. Маючы гэтую кнігу пад рукой, вы без складанасцей зможаце прыгатаваць самыя вытанчаныя напоі па ўнікальнай рэцэптуры".
Дарэчы, папярэдняя кніга аўтара "Лiтвiнская кухня" стала адным з лідараў продажаў сярод беларускіх электронных кніг.