Жлукта — пральная машына прабабуль

© Sputnik / Бенедыкта Тышкевіча з архіву Ларысы МятлеўскайЖанчыны за прасамі ў фальварку Тышкевічаў
Жанчыны за прасамі ў фальварку Тышкевічаў - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Такая радасць гэта вясна! Усё часцей выглядае сонейка, і здаецца, усё навокал пачынае варушыцца! Весела шчабечуць птушкі і лётаюць пчолы. Хутка Вялікдзень, і дбайныя гаспадыні спяшаюцца парабіць усялякую хатнюю работу да свята.
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Сёння будзем адбельваць бялізну так, як гэта рабілі ў даўніну, бо часам сучасным сродкам веры мала.

Жлукта — пральная машына прабабуль

Часта, маючы ў сваім гардэробе прыгожыя і каштоўныя рэчы, мы не ўмеем правільна за імі даглядаць. З'явілася пляма, і рэч адкладаюць у бок або нясуць у хімчыстку. Яшчэ горш, калі рэч спрабуюць пачысціць самастойна, што часам канчаткова псуе любімую вопратку. Тады ёй шлях толькі на сметнік. І ўсё ж давайце не будзем спяшацца.
Самы час даведацца, як мылі, чысцілі, адбельвалі адзенне, бялізну і палатно нашыя жанчыны больш за сто гадоў таму. Лічылася, што самы прыдатны час для такой справы з сярэдзіны красавіка да канца траўня.
Жлукта — бандарная пасудзіна для запарвання бялізны, падобная да кадкі. Мела адтуліну у дне, якая шчыльна закрывалася затычкай.
Пакуль не былі прыдуманы пральныя машыны, бруднае адзенне жлукцілі ў жлуктах. Вось як гэты працэс апісаны ў гаспадарчай энцыклапедыі "Літоўская гаспадыня": "Кладуць у жлукту палатно ці бялізну, змяшчаючы горшае і больш грубое ўніз, а лепшае ўверх, шчыльна накрываюць зверху кавалкам тоўстай тканіны. Потым абвязваюць пасудзіну палатном, на яго тоўстым слоем сыплюць попел, а тады льюць цёплы луг, але не на адно месца, а па ўсёй паверхні. Калі жлукта напоўніцца, праз некаторы час дастаюць затычку знізу, выпускаюць вадкасць на зямлю або ў начоўкі, падстаўленыя пад жлукту". Далей дно затыкаюць, і працэс паўтараецца так некалькі разоў, павялічваючы за кожным разам тэмпературу лугу да стану кіпятку. Пасля двух ці трох пераліванняў попел абавязкова мянялі. Далей бялізну пакідалі ў жлукце на ноч, каб яна паступова астыла, а раніцай добра выпаласквалі. Вось і ўсё!

Натуральныя мыючыя сродкі

Асноўнымі мыючымі сродкамі было разнастайнае мыла і луг, які атрымвалі з попелу.
Попел, як для засыпкі ў жлукту, так і для прыгатавання лугу, выпальвалі з белых дрэў: бярозы, дуба, граба, ясеня, клёна, асіны, але не вольхі, бо яна ўтрымвае ў сабе шмат фарбы і здольна запляміць рэчы.

Як зрабіць луг

Усыпаць 2/3 попелу ў вядро і заліць вадой (лепш гарачай). Перамяшаць, сабраць зверху смецце і буйныя вугельчыкі і пакінуць раствор на тры дні. Цяпер раствор ужо не кранаем. Праз тры дні ў верхняй частцы вядра павінна атрымацца празрыстая густая вадкасць. Яе працэджвалі праз палатно і злівалі ў слоік для далейшага карыстання. Лугам мылі посуд, падлогу, сцены. Ён моцна пеніўся і добра адбельваў палатно. Луг (шчолак) абавязкова разбаўлялі 1 да 10, бо не разбаўлены ён мог сапсаваць тканіну. Вадкасць моцна сушыць скуру на руках, таму карыстацца ёй лепш у пальчатках. А яшчэ лугам як шампунем карысталіся ў лазні. Толькі ў гэтым выпадку яго разбаўлялі вадой яшчэ мацней, а валасы апалосквалі адварам з рамонкаў і крапівы.

Раса, мароз і сонца на службе ў гаспадыні. Агульныя парады для адбельвання

Ваду для адбельвання бралі мяккую і чыстую. Самай лепшай для гэтай справы лічылася вада, узятая з сажалкі, якая выкапана ў гліне. Ёй аддавалі перавагу перад рачной і калодзежнай. Калі раптам падчас сушкі пачынаўся дождж, то рэчы прыбіраліся і дасушваліся пад дахам. Сырыя ж не варта было складаць у кучу, інакш яны "пачнуць гніць і не будуць моцнымі". Падыходзіць для адбельвання палатна і раса, на якой гаспадыня раіла пакідаць палотны. Раніцай расу мусілі адразу адмываць, каб пры высыханні не ўтварыліся жоўтыя плямы. Таксама спрыяльным для адбельвання часам лічыліся першыя дні красавіка, калі ноччу і наранку яшчэ трымаліся прымаразкі. Калі не было снегу, у зямлю ўбівалі калкі і да іх прывязвалі край палотнаў такім чынам, каб яны не датыкаліся да зямлі. Калі ж ляжаў снег, то палотны расцілалі проста на яго. Мароз і яркае сонца рабілі сваю справу.

Мыццё ў халоднай вадзе

Эканомячы дровы, мылі бялізну і ў халоднай вадзе: "Бялізну мочаць у халоднай вадзе, адціскаюць, добра намыльваюць, выкручваюць і так пакідаюць на ноч. Назаўтра раніцай, страсянуўшы, заліваюць халоднай мяккай вадой, лепш за ўсё дажджавой. Кожную рэч добранька труць, затым ваду мяняюць, зноў труць, а калі заўважылі плямы, яшчэ намыльваюць і труць. Тады раскладваюць у начоўкі, робяць мыльную ваду, дадаюць трохі сіняй фарбы, заліваюць ёю бялізну і пакідаюць на ноч. Назаўтра палошчуць дачыста ў цвёрдай вадзе".

Сыроватка не толькі на бліны

Баваўняную пажоўклую бялізну гаспадыні адбельвалі ў добра перакіслай сыроватцы, а потым мылі мылам у вадзе. Калі белы колер не вяртаўся, пасля прасушвання працэс паўтараўся.

Мыем цюль і карункі

Цяпер ні на сяле, ні ў горадзе няма хаты, у якой бы вакенца не было б завешана ажурнай цюлевай гардзінай. Праўда, цяпер такія фіранкі ўсё больш сінтэтычныя, але яны могуць быць і з больш далікатных натуральных матэрыялаў. І тут ім патрэбны адпаведны догляд. Вось як за карункавымі вырабамі даглядалі яшчэ гадоў сто таму. Сабраўшы на нітку краі карункаў, накручваюць іх на валікі, абшытыя чыстай старызнай, каб зубчыкі былі накрыты гладкім краем наступнага раду. Злёгку намыліўшы валікі ў цёплай вадзе, іх труць і выціскаюць. Потым кладуць у каструлю ці ў кацёл у два слоі старызну, затым валікі і загорнуты ў некалькі слояў цюль. Заліваюць усё мыльнай вадой і кіпяцяць на малым агні. Пасля здымаюць з агню, даюць астыць і зноў мыюць у той жа мыльнай вадзе. Нарэшце палошчуць і выціскаюць у сухіх кавалках палатна. Напалову сухія карункі раскручваюць, злёгку расцягваюць, а потым прасуюць.
Вы скажаце, што гэта клопатна, але ж і далікатныя карункі ніколі не выходзяць з моды, а бялюткі цюль на вакенцы робіць жытло ўтульным.
Цяпер цяжка ўявіць сабе адсутнасць пральнай машыны ў хатняй гаспадарцы. Яна наша надзейная памочніца. Ёсць у крамах і безліч сродкаў для адбельвання, асобна для мыцця цюлю, але яны далёка не такія эфектыўныя, як хацелася б.
Што ж, магчыма, як і мне, вам захочацца паэксперыментаваць, і тады парады пані Ганны будуць якраз дарэчы.
Да сустрэчы!
Стужка навiн
0