Час, калі Бог хадзіў, або чаму свецяць вярбу

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяВярба цвіце
Вярба цвіце - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Нарэшце прычакалі Вербніцу! Менавіта так нашы набожныя продкі называлі Вербную нядзелю, якую сёлета адзначаюць разам і каталікі і праваслаўныя. У вернікаў гэтых канфесій у розных кутках Беларусі здаўна існуюць свае традыцыі вырабу верб.

Ларыса Мятлеўская, Sputnik.

Вербніца, Вербная, Пальмавая — апошняя перад Вялікаднём нядзеля, з якою было звязана асвячэнне ў храмах галінак вярбы, што ў народных уяўленнях служылі не толькі сімвалам свята але і аберагальным сродкам. У некаторых мясцінах Гарадзенскай губерніі яшчэ ў 19 ст. на Вербніцу прывозілі ў цэрквы вярбу цэлымі дрэвамі з карэннямі і пасля асвячэння ламалі з яе галіны.
"Вербніца — ідуць свянціць вербу. Эта ўсё ад святога. Калі Ісус Хрыстос ехаў у Ерусалім, усе людзі пазбіраліся і сустракалі Яго пальмавымі веткамі, кідалі іх Яму пад ногі. А ў нас гэта ўжо вярба сама глаўна, вярбу ідуць свянціць", — распавяла жыхарка вёскі Мяшэтнікі Гродненскай вобласці Вера Бобрык.
Навукоўцы лічаць, што гістарычныя вытокі Вербніцы, верагодна, паходзяць ад паганскіх часоў, калі продкамі ўшаноўваўся культ зеляніны, што было звязана з прыходам вясны і распусканнем першага дрэва. У хрысціянстве гэты дзень прымяркоўваецца да Уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім, дзе народ сустракаў яго пальмавымі галінкамі.

Беларускія вербы

Чаму свецяць вярбу, а не пальмавае лісце, людзі тлумачылі так: "Ну, а ў нас пальмаў жа няма, то і рашылі вярбу. Вот паэтаму і вярба".
"Вярбой" у народзе сталі называць галінкі вярбы, аздобленыя каляровымі сухімі кветкамі, травамі, каласкамі, мохам і інш. Яны імітавалі сабой "пальмы", з якімі народ сустракаў Хрыста пры яго ўездзе ў Іерусалім.
З цягам часу ў народзе склаліся своеасаблівыя этычныя легенды пра ўваходу Хрыста ў Іерусалім, у якіх Хрыстос ігнаруе багатых і шануе бедных.
"Калісьці мама расказывала, што Бог хадзіў. Бог ехаў на кані. Людзі расцілалі палотны, багатыя расцілалі каўры, дарогу ўсцілалі. А бедныя ўсцілалі ветачкі. Так Бог не паехаў па каўрах і палотнах, а паехаў па ветачках", — дзеліцца ўспамінамі Кацярына Курачай 1932 года нарадження, жыхарка вёскі Пружынішчы, што на Гомельшчыне.

"Віленскія пальмы", ці свянцоная "вярба" сваімі рукамі

На ўвесь свет вядомы так званыя "Віленскія пальмы", якія і сёння вырабляюцца ў Вільнюсе так, як гэта было і ў мінулым. У іх мастацкім аздабленні ўдала спалучыліся народныя традыцыі і беларусаў і літоўцаў. "Віленскія пальмы" — гэта асобы від вербаў, які распаўсюджаны таксама і ў заходняй частцы Беларусі, якая мяжуе з Літвой. Асабліва яны папулярныя ў Вільнюсе, дзе іх вырабам часта займаюцца дынастыі майстроў і яны зяўляюцца прадметам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Для вырабу такіх пальм нарыхтоўваюцца палачкі рознага памеру — ад 50 да 70 см. Да іх прывязваюцца ў адпаведным парадку, каб складаўся ўзор, сухія кветкі рознакаляровага геліхрызума і іншых сухацветаў, каласы збожжа, сухія травы, якія ў сваю чаргу фарбуюцца ў яркі зялёны колер.
Сухацветы неабходна папярэдне намачыць, каб пазбегнуць ломкасці. Пад рукамі трэба мець нажніцы і маток нітак. Такім жа чынам робяць падобныя "пальмы" і на Браслаўшчыне, Гродзеншчыне ў Лідзе, Гродна, на Астравеччыне.
У гэтым жа рэгіёне мне давялося стаць сведкай цікавага сучаснага абрада, які адбываўся ў Вербную нядзелю ў касцёле вёскі Беняконі. Каб заахвоціць наведанне моладзю Касцёлу, у гэты дзень у мясцовым касцёле вось ужо шмат гадоў наладжваецца конкурс на выраб самай высокай і прыгожай "пальмы". Пераможцаў ксёндз урачыста ўзнагароджвае абразамі.

Чаму свецяць вярбу?

Да Вербніцы рыхтуюцца загадзя — лазу ставяць у ваду, каб яна крыху распусцілася, да яе потым дадаюць галінкі ядлоўцу. Іх упрыгожваюць стужачкамі ці кветкамі з рознакаляровай паперы і на Вербную нядзелю ўпрыгожаны пучок нясуць у царкву для асвячэння.
Чаму свецяць вярбу? На гэта пытанне адказваюць па-рознаму. Напрыклад, старыя жыхары вёсак Полацкага раёна мяркуюць, што "вярбу свецяць, каб жыта ішло такое высокае і чыстае, як вярба. А ядловец засцерагае ад усякага зглазу, ад шкодаў".

Вербныя кірмашы

Штогод у Мінску ў Вербную нядзелю адбываюцца святочныя кірмашы. Да храмаў горада сцякаюцца жыхары навакольных вёсак, жадаючы прадаць упрыгожаныя галінкі вярбы гараджанам перад святочным набажэнствам. Прыязджаюць сюды і майстры па вырабу традыцыйных верб з іншых раёнаў. Не гледзячы на тое, што цяпер людзі могуць набыць у краме штучныя кветкі, такі кірмаш можа выявіць майстроў, якія па пэуных прычынах кіруюцца мясцовых звычаяў у вырабе верб.
Так, у 2006 і 2007 гадах на плошчы Свабоды каля храма мною былі набыты святочныя вербы, прывезеныя з вёскі Касімавічы Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці Міхалковіч Тамарай Іосіфаўнай. З яе слоў, вербы былі зроблены ёй і яе маці Каласоўскай Аляксандрай Уладзіміраўнай. Вербны букецік уяўляе сабой збор галінак вярбы (5 шт.), ядлоўца (1-2 шт.), бруснічніка (3-5 шт.), кветак каляровага геліхрызума (садовы бяссмертнік), жоўтага цмену і дзеразы.
Жанчына патлумачыла, што злучаць галінкі абавязкова трэба толькі льняным валакном (пакуллем) і ні ў якім разе не дротам. Паколькі здавён лічылася, што вярба пасля асвячэння яе ў царкве атрымвае лекавыя ўласцівасці і ёю лячыліся ад розных хвароб, то паступова да галінак вярбы сталі дадаваць лекавыя расліны, якія да таго ж маюць прывабны выгляд да вясны.
Традыцыйнай можна лічыць і вярбу Валянціны Канстанцінаўны Бражук 1926 года нараджэння, жыхаркі горада Мінска, якая штогод вырабляе вербныя букецікі, упрыгожаныя гірляндай штучных рознакаляровых кветак. Да 5-ці галінак вярбы дадаюць галінку ядлоўца і змацоўваюць іх паміж сабой ніткамі.
Цікавымі ўяўляюцца самі кветкі, якія зроблены ўручную з рознакаляровай тканіны, пражэлацінены і аздоблены ўсярэдзіне маннымі крупамі. Такі вербны букецік вылучае больш познюю традыцыю ў вырабе верб і паказвае той перыяд, калі штучныя кветкі былі не даступны шырока і вырабляліся з васкаванай, або прапарафіненай паперы і пражэлаціненай або накрухмаленай тканіны. Каб зрабіць такія кветкі, ужываўся дрот, што было не пажадана, паколькі мінулагоднія вербы палілі, а попел высыпалі на грады. Прыгожых букецікаў было шкада, таму часта іх надоўга пакідалі за абразамі.
Амаль у кожнай сялянскай хаце абраз упрыгожваюць галінкі асвечанай вярбы, якой надаваліся магічныя ўласцівасці. Але, перш чым трапіць за абразы на покуці, асвечаныя галінкі вярбы раздаваліся ўсім, хто меў у іх патрэбу.
Паспрабуйце зрабіць вербныя букецікі сваімі рукамі, падзяліцеся імі пасля набажэнства са сваімі суседзямі, знаёмым і сваякамі і пабачыце, што цяпла і ўсмешак у свеце стане болей. Са святам вас, даражэнькія!
Стужка навiн
0