МІНСК, 10 кра — Sputnik. Сумесны міжнародны праект Мірскага замка "Ultima ratio regum" адкрываецца 21 красавіка, распавялі ў мірскім музеі.
Паводле слоў арганізатараў, "міжнародны праект Музея "Замкавы комплекс "Мір" і трох буйных музеяў (Беларусі — Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Літвы — Рэгіянальны музей Біржайскага края "Сэла", Швецыі — Музей Арміі) атрымаў назву "Ultima ratio regum. Беларусь у Паўночных войнах сярэдзіны XVII — пачатку XVIII ст.".
Гэта звязана з тым, што ў сярэдзіне XVII — пачатку XVIII ст. Паўночнаўсходнюю Еўропу скаланула серыя зацяжных войнаў. Галоўнымі праціўнікамі ў іх былі Рэч Паспалітая, Швецыя і Расія, а важнейшай прычынай — імкненне да дамінавання ў акваторыі Балтыйскага мора з мэтай атрымання эканамічных і геапалітычных выгод. У навуковай літаратуры гэтыя войны прынята называць Паўночнымі. Беларускія землі апынуліся ў цэнтры ўзброенага супрацьстаяння вялікіх рэгіянальных дзяржаў, у выніку чаго пацярпелі каласальныя страты.
"Адна з галоўных задач выставы — распавесці шырокай беларускай аўдыторыі не толькі класічную гісторыю гэтых войнаў, а перадусім гісторыю людзей, грамадстваў, тагачасных супольнасцяў, дзяржаў, ваенных інстытутаў, ваеннай культуры і тэхналогій, іх цесную ўзаемасувязь і ўзаемаўплыў у яе лакальным (Балтыйскі рэгіён, ВКЛ, Мірскае графства) і агульным еўрапейскім кантэксце. Сумеснымі намаганнямі мы паспрабавалі скласці мазаіку складанага аповеду пра канфлікты эпохі і іх удзельнікаў", — распавялі ў музеі.
Наведвальнікам выставы прадстаўляецца ўнікальная магчымасць уявіць, якім быў Мірскі замак і яго наваколле ў XVII-XVIII стст., а таксама азнаёміцца з непаўторнай гісторыяй Паўночных войнаў праз гравіраваныя партрэты і батальныя сцэны, планы і карты, медалі і манеты, гаспадарчыя рэчы, сцягі і прадметы раскошы, рэдкія артэфакты вайны і шараговыя побытавыя рэчы.
Дэвіз Ultima ratio regum (лац. апошні довад каралёў) змяшчаўся на французскіх гарматах у часы Людовіка ХІІІ. Гэтым довадам лічылася вайна.