МІНСК, 10 кра — Sputnik. Веласіпедны рух адкрыецца з 28 красавіка на сезонным міжнародным пункце пропуску Рудаўка (Польшча) — Лясная (Беларусь), паведамілі Sputnik ва Упраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.
Турысты змогуць перасячы дзяржаўную мяжу не толькі водным шляхам, але і на веласіпедзе або пешшу. Да новага турыстычнага сезону ў раёне Аўгустоўскага канала будзе створана больш за 50 кіламетраў веласіпедных маршрутаў.
"Цяпер у аматараў актыўнага ладу жыцця з'явіцца магчымасць праехаць на веласіпедзе па маляўнічых месцах па абодва бакі ўнікальнага гідратэхнічнага збудавання, палюбавацца прыроднымі і гістарычнымі славутасцямі", — распавялі ва ўпраўленні.
Там таксама адзначылі, што зараз ідзе праца па маркіроўцы веласіпедных дыстанцый. Спецыялісты ўсталююць паказальнікі, знакі і карты-схемы маршрутаў. Над стварэннем новых цікавых месцаў для турыстаў працуюць многія арганізацыі і прафесіяналы.
Папярэдняя атэстацыя маршрутаў адбылася 7 красавіка, у ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскага райвыканкама, Гродзенскага лясніцтва, Свабоднай эканамічнай зоны "Гроднаінвест" і іншых устаноў. Камісія вывучыла бягучы стан веласіпедных маршрутаў. Заўвагі і прапановы будуць аператыўна выпраўленыя, паведамілі ва ўпраўленні.
З 26 кастрычніка 2016 года замежнікі могуць наведваць турысцка-рэкрэацыйны парк "Аўгустоўскі канал" і прылеглыя да яго тэрыторыі без візы ў пашпарце. Падарожнічаць такім чынам турысты могуць індывідуальна або ў складзе групы, але не больш за пяць сутак. Пры сабе замежніку трэба мець пашпарт (ці іншы дакумент для ўезду за мяжу) і спецыяльны дакумент, які дае права на наведванне парку "Аўгустоўскі канал". Яго можна атрымаць у тураператара.