У тых, хто трапляў у фашысцкія канцлагеры, не было ні імя, ні прозвішча, толькі нумар, які нашывалі на адзенне, а ў зняволеных самага вялікага лагера смерці — Асвенцыма — яго татуявалі на целе. Для ўсіх, хто выжыў, гэтыя лічбы назаўжды выпалены на сэрцы.
"Прайшло 73 гады з таго часу, як вярнулася дадому, як жыву пад мірным небам. Але не было ночы, каб мне не снілася, як мы замярзаем на снезе лагера ў Азарычах, як людзі б'юцца за змёрзлы хлеб з пілавіння, раздзіраючы яго ў такія дробныя крошкі, што немагчыма сабраць, як ходзім па трупах — таму што людзей памірае так шмат, што іх проста перасталі прыбіраць", — успамінае малалетняя вязніца Яніна Парталімава.
У фашысцкіх канцлагерах змяшчалася больш за 18 мільёнаў чалавек. З іх больш за 11 мільёнаў былі знішчаны. Кожны пяты вязень быў дзіцем.
Сёння ў Беларусі іх засталося крыху больш за 20 тысяч — пажылых, але нічога не забыўшых. Таму што забыцца немагчыма.
"Мы не бачылі дзяцінства. І нам здавалася, што тое, што адбывалася з намі тады, ніколі не зможам забыцца. І дараваць не зможам. Але час зацягвае раны. Мы нічога не забылі, але сэрцы нашыя прынялі адкупленне. Шмат гадоў да нас ездзяць валанцёры з нямецкай каталіцкай арганізацыі "Максімільян Кольбэ Верка" — так яна названая ў гонар каталіцкага манаха, добраахвотна пайшоўшага ў газавую камеру замест незнаёмага яму чалавека. Немцы з валанцёрскай арганізацыі дапамагаюць малалетнім вязням нашага раёна", — распавяла старшыня Баранавіцкай асацыяцыі малалетніх вязняў Яніна Дзямьянец. Калісьці ў лагеры смерці загінулі яе бацька і маці, сама яна прайшла ўсе жахі канцлагера, будучы яшчэ зусім маленькім дзіцем. Больш за 30 гадоў Яніна Феліксаўна ўзначальвае раённую арганізацыю малалетніх вязняў.
Напярэдадні Міжнароднага дня вязняў Sputnik пагутарыў з малалетнімі вязнямі і пачуў гісторыі, абыякава слухаць якія да гэтага часу немагчыма. Сачыце у аўторак за публікацыямі партала.