МІНСК, 12 кра — Sputnik. Польшча можа пайсці на некаторыя паслабленні візавага рэжыму для Беларусі, заявіў дэпутат польскага Сейма, старшыня польска-беларускай парламенцкай групы Адам Андрушкевіч.
У аўторак у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшла сустрэча беларускіх дэпутатаў з польска-беларускай парламенцкай групай на чале з Андрушкевічам. Група па супрацоўніцтве з польскім парламентам была сфарміравана ў Ніжняй палаце Беларускага парламента шостага склікання.
"Я не кажу — бязвізавы рэжым, але я спадзяюся, што будуць нейкія паслабленні", — сказаў Андрушкевіч на сустрэчы ў Беларускім парламенце.
З яго слоў, увядзенне Беларуссю бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін свету спрыяла таму, што ўсё больш польскіх турыстаў прыязджаюць ці хочуць прыехаць у рэспубліку.
Акрамя таго, польскі бізнэс зацікаўлены ў працы з Беларуссю. Са слоў дэпутата польскага Сейма, інвестыцыі польскага бізнесу ў беларускую эканоміку склалі 750 мільёнаў долараў. Сумесныя прадпрыемствы ў прамысловасці і гандлёвыя сувязі будуць развівацца.
"Мы вельмі добра разумеем: каб добра развіваліся палітычныя адносіны, для гэтага павінна быць сацыяльная аснова", — сказаў Андрушкевіч.