МІНСК, 13 кра — Sputnik. Фэст з удзелам мэтраў беларускага андэграўнду пройдзе ў арт-прасторы "Верх" 28 красавіка. На працягу шасці гадзін на дзвюх сцэнах з новымі эксклюзіўнымі праектамі і гукавымі і візуальнымі эксперыментамі выступіць болей за 20 удзельнікаў.
Са слоў арганізатараў, наведвальнікаў фэсту чакаюць нечаканыя творчыя калабарацыі і эпатажныя перформансы, што "павінна ўтварыць тую вычварную куламесу, якая дапаможа публіцы адкрыць шлях у новую рэальнасць".
"Легенда нямецкай контркультуры прывязе сваю выставу, прачытае лекцыю і з радасцю патусуецца з усімі ахвотнымі. А хэдлайнерам фэста стане легенда беларускага незалежнага мастацтва — пластычны тэатр Вячаслава Іназемцава InZhest з новым, як заўсёды нечаканым, перформансам", — распавялі арганізатары фэсту.
У мерапрыемстве возьмуць удзел:
- InZhest
- Zartipo
- Канстанцін Мужаў
- Buben — Naruszewicz — Baisan
- Аляксандар Зайцаў
- Noizov Kov4eg
- Aortha & Goron
- Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk
- Kritchev vs. Ban
- Юрась Барысевіч
- Travm
- Masque Noir feat. Ільля Сін
- Vesicatoria
- Зьміцер Вішнёў
- Вольга Рагавая
- Antara
- ISM
- Ex-тэатар Eye
- Яўген Рагозін
- Сонечны Сахалін
- Buben & Nasta Labada
- DJ Pogodina
- Арт-суполка "Няхай"
- Спэцыяльны госць — былы дырэктар "Тахелеса" Марцін Райтэр
Некалькі гадоў таму спыніў існаванне культавы берлінскі арт-сквот "Тахелес". Вялізны пашарпаны будынак у цэнтры капіталістычнага мегаполіса прыцягваў натоўпы наведвальнікаў сваёй непараўнальнай ні з чым атмасферай творчай свабоды — на самай мяжы з вар'яцтвам. Яе стваралі мастакі з усяго свету — і, не ў апошнюю чаргу, з Беларусі. Галоўныя выставачныя прасторы арт-цэнтра шмат гадоў займалі цыклапічныя палотны Алеся Родзіна, а ў межах фестывалю "Дах" у "Тахелесе" стараннямі яго галоўнага "рухавіка" Змітра Юркевіча выступілі некалькі соцен беларускіх аўтараў усіх магчымых відаў і жанраў.
Фэст "Прывіды Тахелеса" пройдзе ў арт-прасторы "Верх" 28 красавіка; пачатак а 18-й гадзіне; кошт квіткоў — 5 руб.