МІНСК, 18 кра — Sputnik. Высокі ўзровень палітычных адносін Мінска і Пекіна падцягвае за сабой і эканомікі, заявіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.
Лукашэнка падкрэсліў, што адносіны Мінска і Пекіна маюць характар давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
Як раней паведамляў Sputnik, у Мінску з трохдзённым візітам знаходзіцца парламенцкая дэлегацыя КНР на чале са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.
Жамчужына Шаўковага шляху
Напярэдадні адбыліся перамовы ў беларускім парламенце і наведванне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Аб гэтым гаворка кітайскай дэлегацыі ішла і на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Кіраўнік дзяржавы заклікаў кітайскіх партнёраў у пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва арыентавацца на будучыню.
"Мы не можам разам з вамі ствараць там (у кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" — Sputnіk) прадпрыемствы і эканоміку мінулага. Туды трэба прыцягнуць для працы самыя перадавыя кампаніі сусветнага ўзроўню з эканомікай заўтрашняга дня", — падкрэсліў прэзідэнт.
Фінансавая зацікаўленасць
Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць неабходным актывізаваць супрацоўніцтва ў фінансавай сферы. З яго слоў, Мінск зацікаўлены ў прыцягненні кітайскіх кампаній у банкаўскі сектар.
"Ёсць папярэднія дамоўленасці па выхаду China CITIC Bank на беларускі рынак. Цяпер трэба дазвол кампетэнтных органаў Кітая", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Акрамя таго, мы зацікаўлены размясціць беларускія аблігацыі на вашым фінансавым рынку. Неабходны адпаведныя даручэнні для аператыўнага праходжання працэдур у Народным банку Кітая", — дадаў ён.
Прэзідэнцкая падзяка
Беларускі лідар таксама заявіў аб зацікаўленасці ў працягу сустрэч на вышэйшым узроўні.
"Перадайце ад мяне падзяку майму добраму сябру Сі Цзіньпіну за запрашэнне на міжнародны форум "Адзін пояс, адзін шлях". Упэўнены, ён стане знакавай падзеяй не толькі для Кітая, але і ўсёй планеты", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі разам з калегамі з 28 краін, у тым ліку лідэрам Расійскай Федэрацыі Уладзімірам Пуціным, плануюць наведаць Пекін 14-15 мая.