МІНСК, 21 кра — Sputnik. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі будзе паступовым.
Звяртаючыся з пасланнем да парламента і беларускага народа, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што даў даручэнне Камітэту дзяржкантролю перагледзець сабекошт паслуг для арганізацый сферы ЖКГ. Мэта гэтага даручэння — знізіць затраты арганізацый яшчэ на 10%.
"Пастаўлена КДК задача — па другім крузе прайсці і праверыць кошт ЖКП. Каб мы вярнуліся да гэтага пытання і я падпісаў указ. Гэта трэба зрабіць і апусціць гэтыя тарыфы яшчэ на 10%", — сказаў прэзідэнт.
"Няхай арганізацыі ЖКГ жывуць без тлушчу, па сабекошце працуюць, і тады кампенсацыя насельніцтвам тарыфаў будзе не 65%, а 80%. Павышэнне ЖКП можа быць толькі пры павышэнні якасці паслуг і пры росце зарплат", — працягнуў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, насельніцтва прызвычаілася да таго, што кожны год кошт ЖКП павышаецца на 5 долараў у эквіваленце.
Лукашэнка расказаў, што нават МВФ пагадзіўся з яго довадамі аб тым, што хуткае павышэнне тарыфаў немагчыма. "Нават у МВФ са мной пагадзіліся, што мы не можам за год-паўтара зрабіць 100% аплату ЖКП. Па-першае, гэта велізарныя плацяжы будуць, а па-другое, гэта дэстабілізуе абстаноўку ў грамадстве. Мы гэта будзем рабіць спакойна, 5 долараў у год, людзі прывыклі да гэтага. Зробім не за паўтара года, а за чатыры-пяць", — сказаў Лукашэнка.