МІНСК, 23 кра — Sputnik, Юлія Хвошч. Некалі былі часы, калі плытку з запісам любімага гурта, часам, было складана набыць, а той факт, што нехта выпусціў сваю ўласную кружэлку, ужо з'яўлялася своеасаблівым знакам якасці.
Час мінаў, тэхналогіі змяніліся. Інтэрнэт зрабіў музыку больш даступнай, і больш няма сэнсу ў пагоні па горадзе за запаветным альбомам. Але ў гэтым была своеасаблівая рамантыка. Зараз усё куды прасцей — музыку можна проста спампаваць у інтэрнэце, заплаціўшы за гэта музыкам, і не патрапіць на пірацтва. Але гэта ў заходніх краінах. На нашай жа пост-савецкай прасторы пірацтва перабралася з паліц шматлікіх ларкоў у рознага кшталту сацыяльныя сеткі. Зараз мы ўсё слухаем "за проста так" — дастаткова "загугліць" назву песні ці прозвішча выканаўцы.
Многія гурты пачалі змагацца з такой з'явай — так, з VK, якая зручней іншых сацыяльных сетак у плане праслухоўвання музыкі, сталі знікаць песні. У асноўным замежных аўтараў. Расійскія ж вядомыя калектывы і выканаўцы робяць толькі першыя крокі ў барацьбе за ўзнагароджанне сваёй працы, а невядомыя карыстаюцца сусветным сецівам як магчымасцю заявіць пра сябе публіцы бясплатна — раптам хто выпадкова пачуе.
Можна казаць, што музыкі зараз падзяліліся на два лагеры — адна частка актыўна змагаецца за сваю творчасць як за маёмасць, другая — не распыляецца дарма ў барацьбе з інтэрнэтам, а ставіцца да гэтага пытання больш філасоўскі.
"Ёсць катэгорыя аўтараў, якія дбайна адсочваюць выкарыстанне сваіх твораў, лаюцца з выканаўцамі, ладзяць судовыя працэсы і выказваюцца ў прэсе. Я адношу сябе да зусім іншай кагорты — не асабліва высока ацэнваюць плён сваёй працы, і таму да несанкцыянаванага з'яўлення сваіх твораў у розных выданнях і рэсурсах стаўлюся вельмі спакойна", — распавёў Вячаслаў Шарапаў, які пэўны час з'яўляўся мастацкім кіраўнікоў "Песняроў".
Музыка таксама адзначыў, што ва ўмовах інфармацыйнага шквалу, у якім мы жывем, дастаткова складана падарваць аўдыторыю якім-небудзь творчым прадуктам, а калі і можна, то на вельмі кароткі час. "Таму ламаць дзіды на рысталішчы творчых крыўд не бачу ніякага сэнсу".
Былы лідэр гурта "Агата Кристи" Вадзім Самойлаў прытрымліваецца іншага пункту гледжання і бачыць дрэннае развіццё музычнай індустрыі менавіта ў даступнасці музыкі ў сеціве.
"Сёння 95% запамповак у інтэрнэце — кантрафактная прадукцыя. Гаворка ідзе не пра тое, каб сыходзіць у камерцыю, а пра тое, што, калі б увесь аб'ём гэтага кантэнту ў інтэрнэце быў хоць крыху платным, аўтары атрымлівалі б узнагароджанне, якое дапамагала б ім працягваць займацца музыкай", — распавёў музыка.
Ён дадаў, што не разумее сучаснай грамадскасці, якая лічыць, што заплаціць у краме за прадукты — гэта нармалёва, а за музыку ў інтэрнэце, на вытворчасць якой таксама патрабуюцца пэўныя намаганні, — не.
"Музыка не будзе развівацца, калі музыкі будуць сябе проста раздорваць. Атрымліваецца, музыка павінен з раніцы да вечара працаваць на асноўным месцы працы, а потым займацца творчасцю, якую павінен дарыць людзям", — падзяліўся музыка.
Змагацца за сваё аўтарства ў сеціве ці не — справа выключна асабістая, але часам складаецца ўражанне, што чым больш аўтары змагаюцца за свае правы, тым менш у іх творах сапраўднай творчасці. Моцарт, Бах, Бетховен аб аўтарскіх правах на свае творы наўрад ці думалі, але ўнеслі важкі ўнёсак у развіццё культуры і мастацтва. Няўжо песні Максім, якая некалькі гадоў таму змагалася з VK за аўтарскія правы, з'яўляюцца больш значным здабыткам?
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.