Як святкавалі Радаўніцу нашыя продкі

© Sputnik / Ларыса МятлеўскаяРадаўніца ў вёсцы Пліса Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, 1955 год.
Радаўніца ў вёсцы Пліса Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, 1955 год. - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Не ведаю як вам, а мне дык заўсёды радасна і цёпла на сэрцы ад думкі, што ёсць такі дзень у пачатку года, калі я іду на могілкі, каб сустрэцца з блізкімі, якіх больш няма, і прынесці ім радасную вестку, што Хрыстос уваскрос!
Ларыса Мятлеўская, Sputnik.
Колькі жыву, столькі памятаю, якім абавязковым наведванне могілак пасля Вялікадня было ў сям'і. У беларусаў здаўна існаваў і захоўваецца цяпер пэўны парадак святкавання Радаўніцы.
У вёсках маіх бацькоў, што не далёка ад Мінску, на могілкі хадзілі ў чацвер Велікоднага тыдня. Свята называлі Мяртвы Вялікдзень, і ўсе дзядзькі, цёткі стараліся сабрацца на могілках разам, не гледзячы на тое, што ў рабочы дзень "адпрасіцца з працы" было складана. 
Цікава, што і цяпер гэта традыцыя падтрымваецца мясцовымі жыхарамі, але большасць усё ж прыязджаюць цяпер на Радаўніцу. Памятаю, як радаваліся людзі, калі ў 1990-я гады Радаўніцу зрабілі непрацоўным днём, што многім дало магчымасць прыехаць здалёк, каб ушанаваць магілы продкаў.

Як правільна прыбраць магілку

У гэты дзень хтосьці абавязкова стараўся быць на набажэнстве ў царкве, паставіць свечы на ўспамін душы, і толькі пасля гэтага наводзілі парадак на магілах, фарбавалі агароджы, утыкалі ў зямлю асвечаныя галінкі вярбы, калі гэта не паспелі зрабіць на Вербніцу. Цяпер, традыцыя дзяліцца вярбой з памерлымі амаль забытая, іх замянілі ўвайшоўшыя ў моду ў сярэдзіне ХХ стагоддзя букеты са штучнымі кветкамі, пры дапамозе якіх раз на год могілкі расцвітаюць рознакаляровай вясёлкай. Але праз час усё гэта хараство, дарэчы не патрэбнае душам памерлых, ператвараецца ў смецце, якое забруджвае тэрыторыю могілак і навакольнае асяроддзе. Пра гэта апошнім часам шмат пішуць эколагі. Наступным разам, калі будзеце набываць на могілкі штучныя кветкі, падумайце пра тое і вы. Ці не лепей зрабць так, як было прынята ў нашых продкаў? А з'эканомленыя грошы лепей ахвяраваць.
Дарэчы, даўней на Радаўніцу заўсёды давалі ахвяру жабракам і старцам, якія за тое чыталі памінальныя малітвы. Пра гэты звычай я калісьці пачула ў вёсцы Барань Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. А яшчэ дзе-нідзе ў Беларусі і цяпер існуе традыцыя ўпрыгожвання надмагільных крыжоў. Так у вёсцы Цераблічы, што ў Столінскім раёне, на крыжы жанчын навешвалі фартушкі (кожны год новы). Нават памерлай да году маленькай дзяўчынцы ў труну клалі маленькі фартушок, у які яна быццам бы будзе збіраць на Радаўніцу яйкі. Мужчынам на крыж павязвалі рушнік, які з цягам часу замянілі на стужку.
Жыхары вёскі вераць, што фартушок спатрэбіцца на Радаўніцу, каб яйкі збіраць.

Перажыткі язычніцкай трызны, або "Снеданне па радзіцелях"

Пасля навядзення парадку расцілалі чысты абрус на магілу апошняга памерлага, запальвалі свечку, чыталі малітву "Памажы Божа" і прыступалі да трапезы. Ад велікоднага стала бабуля заўсёды пакідала рэшту святочнай ежы: булку, варанае мяса, кілбасы, хлеб, піражкі, халадзец, смажаную рыбу і чырвоныя яйкі. Кавалачкі булкі і яйкі раскладалі на кожную магілку. Бралі з сабой і гарэлку, якой сімвалічна дзяліліся з памерлымі продкамі. Усё гэта елі, узгадваючы цікавыя выпадкі з жыцця сваякоў, звярталіся да іх як да жывых і казалі:
"Няхай на том свеце спачываюць, а нам з таго света папрыяюць".
Цікава, што даўней існаваў звычай у гэты дзень выстаўляць ежу для памерлых на дах хаты, а рэшткі ежы ад памінальнай трапезы абавязкова раструшчвалі на магілках, каб склявалі птушкі. Лічылася, што праз птушак памерлыя частуюцца святочнай трапезай.

Продкі абараняюць

Беларусы памінаюць продкаў на Радаўніцу, архіўнае фота - Sputnik Беларусь
Радыё
Беларусы адзначаюць Радаўніцу
На могілкі ішлі святочна апранутыя, як "у госці", бо верылі, што памерлыя назіраюць за жывымі з нябёс, апякуюцца імі, абараняюць ад нячыстай сілы. Аднойчы суседка на вёсцы, цётка Рая, распавяла мне такую гісторыю, падкрэсліваючы важнасць навеваць могілкі ў гэты дзень. У яе сям'і было некалькі сясцёр, якія прыйшлі на могілкі наведаць памерлую маці. Але адна з іх, Вера, не прыехала, і ўначы маці прыснілася Раісе Васільеўне і распавядала ёй, як рада яна была бачыць іх сляды на могілках, толькі ж чаму Верыных слядоў не было? Вось такая былічка.

Вучыце дзяцей з малку паважаць продкаў

У беларусаў, як і ў іншых усходніх славян, памінальныя дні спрадвеку моцна шануюць. Нашы блізкія жывуць разам з намі ў нашых успамінах. Тая любоў і клопат, які яны ў нас уклалі, саграваюць нашы сэрцы, даюць сілу жыць. Змалку бяру сына прыбіраць могілкі продкаў, і як цешыцца цяпер маё сэрца, калі ён, ужо дарослы мужчына, пераняўшы ад мяне эстафету, першымі прыбірае магілы сваіх пра-прадзедаў. Значыцца, я магу разлічваць, што і мая магіла некалі не будзе пакінутая без нагляду.

"На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць"

Правядзенне радаўніцы заканчвалася бяседай дома, старыя адпачывалі, а моладзь наладжвала танцы. Вось такое гэта свята — у ім ёсць месца і суму і радасці.
На развітанне, вось вам словы мудрай жанчыны:
"Радаўніца — добрае свята. Яно трэба і жывым і мёртвым. Радуюцца памерлыя дзед і баба, што іх частуюць і памінаюць. Радуюцца і жывыя іх дзеці і ўнукі, што продкі клапоцяцца пра іх здароўе і дабрабыт".
З такой народнай верай і рухаецца наперад жыццё. Са святам вас, даражэнькія!
Стужка навiн
0