БРЭСТ, 29 кра — Sputnik. Першы беларускі круізны цеплаход 29 красавіка прыняў на борт турыстаў, перадае карэспандэнт Sputnik.
Уначы цеплаход "Белая Русь" з 28-ю расійскімі турыстамі адправіцца з Брэста ў першы тур па Палессі. Рачны круіз разлічаны на восем дзён і сем начэй. Квіткі прадаюцца па сістэме "ўсё ўключана", самы дарагі ў ліпені-жніўні каштуе 4600 беларускіх рублёў — гэта двухмесная люксавая каюта. Кошты ў нумары "Эканом" на ніжняй палубе пачынаюцца ад 670 рублёў.
Цеплаход будзе ісці па рэках, якія злучае Днепра-Бугскі канал, у асноўным уначы. Удзень запланаваны дзесяць прыпынкаў у беларускіх гарадах, дзе будуць ладзіцца экскурсіі. Канчатковы прыпынак — Мазыр.
Масквічка Эліна Яфімчык выбрала тур па Палессі, каб лепей пазнаёміцца з поўднем Беларусі.
"Я з Расіі. Мне наогул ваша краіна вельмі падабаецца. У вас людзі вельмі добрыя, добрыя, светлыя. Вось у гэтым паўднёвым краі, Палессі, я не была. Таму, шчыра кажучы, хацела проста пазнаёміцца з ім, пазнаць бліжэй. Раней на многіх круізах была. Але мне цікава, што ў вас гэта першы, таму я, што называецца, клюнула на гэта. Спадзяюся, уражанні будуць самыя лепшыя", — падзялілася суразмоўніца агенцтва.
Кіра і Юрый Яфімавы таксама прыехалі ў Брэст з Масквы. Муж і жонка лічаць, што паездкі на цеплаходзе — адзін з лепшых відаў адпачынку.
"Мы не знаёмыя з Палессем, паедзем першы раз. Вельмі хочам пазнаёміцца менавіта з ім. Гэта вельмі цікава. Наогул у Беларусі былі вельмі шмат разоў: і пры Савецкім Саюзе, і ў апошні час. І ў Брэсце мы былі — спецыяльна прыязджалі на машыне з Ліды. Мы ўжо ўбачылі Беларусь з іншага боку. Ужо паглядзелі, як людзі жывуць, прыроду. Нам вельмі прыемна тут знаходзіцца. Цікавіць самае галоўнае — побыт, мясцовае насельніцтва і прырода. Але побыт — у першую чаргу", — распавяла пара Яфімавых.
Муж і жонка Уладзімір Іваноў і Таццяна Князева з Масквы — вопытныя вандроўцы на цеплаходах. Муж і жонка хочуць параўнаць, чым круіз па Беларусі адрозніваецца ад хаджэння па расійскіх рэках.
"У мяне пляменніца працуе ў турыстычнай фірме ў Маскве. Яна патэлефанавала і сказала, што арганізоўваецца першы круіз ў Беларусі. Я вельмі здзівілася. Мы тут жа ўзялі квіткі і прыехалі сюды. А самі мы вельмі шмат падарожнічаем па рэках Расіі. Першы раз у 2008 годзе, і з таго часу кожны год. І вось, хочам параўнаць, як усё абстаўлена ў Расіі і як усё гэта будзе ў Беларусі. На самой справе, ёсць вопыт, ёсць магчымасць яшчэ раз пабываць тут і прарэкламаваць гэта падарожжа, калі яно нам вельмі спадабаецца. Мы думаем, што спадабаецца", — лічыць пара.
Уладзіміра і Таццяну цікавяць маленькія гарады і іх насельніцтва.
"Чаму людзі ў Расіі едуць у падарожжа кудысьці ў глыбінку? Таму што мы, жывучы ў Маскве, вельмі мала ведаем, як жывуць на перыферыі. Тут прадастаўляецца магчымасць пазнаёміцца з людзьмі, якія жывуць у глыбінцы", — патлумачылі яны.
Таццяна Георгіеўна прыехала на "Белую Русь" сустрэць свой 60-гадовы юбілей, каб запомнілася надоўга. Яна "круізуе" ужо 20 гадоў, была ў Астрахані, Архангельску, Карэліі, Піцеры. На чарзе — Беларусь.
"Даведалася цалкам выпадкова паўгода таму, і нуль сумневаў было, што свой юбілей я адзначу на гэтым цеплаходзе. Уяўляеце, гэта ж першы круізны цеплаход, гэта ж першы рэйс у гісторыі сучаснай Беларусі. Я вельмі ганаруся за вашу краіну, жадаю ёй другога-трэцяга-чацвертага лайнера, але мы — першыя. З праграмай я азнаёмілася. Мерапрыемстваў і экскурсій вышэй за галаву. Я думаю, што мы будзем вельмі задаволеныя. А ўжо трэцяе мая для мяне запомніцца зусім асабліва. У восемдзесят гадоў мяне спытаюць, дзе ты сустрэла свае шэсцьдзесят? Я скажу, на "Белай Русі", распавяла масквічка.
На цеплаходзе — 16 кают на 35 чалавек. Люксовые каюты носяць імёны беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Круізны цеплаход пабудаваў суднабудаўніча-суднарамонтны завод у Пінску. Пад яго адаптавалі тэхнічнае судна АС-2, якое некалькі гадоў не выкарыстоўвалася. Маршрут па Палессі распрацоўвалі расійскія партнёры, яны ж займаліся падтрымкай круізу.