Кнігу, прысвечаную дзейнасці Францыска Скарыны, прэзентуюць у Мінску

© Sputnik / Виктор ТолочкоПомнік Скарыне ля Нацыянальнай бібліятэкі
Помнік Скарыне ля Нацыянальнай бібліятэкі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Выданне кнігі "Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка" прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадруку.

МІНСК, 2 мая — Sputnik. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з выдавецтвам "Мастацкая літаратура" 3 мая прэзентуе кнігу "Францыск Скарына. Са слаўнага горада Полацка".

Кніга Іова Францыска Скарыны - Sputnik Беларусь
Алесь Суша: мова аўтарскіх тэкстаў Францыска Скарыны - старабеларуская

Як паведамілі ў Нацыянальнай бібліятэцы, выданне ўключае найбольш яркія і арыгінальныя нарысы, створаныя на працягу цэлага стагоддзя вывучэння жыццёвага шляху і творчай спадчыны вялікага беларускага асветніка Францыска Скарыны. Іх аўтарамі з'яўляюцца вядомыя грамадскія і культурныя дзеячы, пісьменнікі, навукоўцы, супрацоўнікі бібліятэк і музеяў, журналісты (М. Гарэцкі, У. Караткевіч, А. Адамовіч, А. Бутэвіч, Я. Неміроўскі, У. Пічэта і інш.).

"Сабраныя разам, гэтыя нарысы ствараюць цэласны, багаты і шматгранны вобраз першадрукара, адлюстроўваюць веліч і значнасць яго справы. У залежнасці ад зместу твораў яны прадстаўлены ў структуры чатырох раздзелаў — "Дзеі Скарыны", "Слова Скарыны", "Слава Скарыны" і "Сусвет Скарыны", — падкрэслілі спецыялісты.

Выданне адрасавана шырокай чытацкай аўдыторыі, усім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, яе культурнай спадчынай, традыцыямі кнігадрукавання і асветы.

Складальнікам кнігі выступіў Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Стужка навiн
0